Больш за 300 жыхароў Віцебскай вобласці самі прызналіся падатковай у дармаедстве

Сёння тыя, хто у мінулым годзе працаваў менш за 183 дні, павінны першымі заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў (так званы падатак на дармаедства) у памеры 3,6 млн рублёў (20 базавых велічынь). 

Да 31 мая можна было добраахвотна звярнуцца ў падатковую інспекцыю і запоўніць адпаведнае паведамленне, атрымаўшы такім чынам зніжку 10% (360 тыс.). На Віцебшчыне гэтым правам скарысталіся 308 чалавек, што склала крыху больш за 10% ад агульнай колькасці такіх добраахвотнікаў па краіне.

Як паведамілі «Віцебскім веснікам» у абласной падатковай інспекцыі, ім трэба будзе пералічыць у бюджэт сумарна амаль 900 млн руб., прычым зрабіць гэта неабходна да 1 ліпеня. Найбольшая колькасць самастойна звярнуўшыхся ў падатковую аказалася ў Віцебску – 102 грамадзяніна, якім налічана да выплаты каля 290 млн, а таксама ў Полацкім раёне – 63 добраахвотніка (175 млн), Аршанскім – 29 (88 млн), Наваполацку – 47 чалавек (амаль 142 млн). Астатніх падатковая будзе ўстанаўліваць, аналізуючы інфармацыю з розных ведамстваў, і накіроўваць ім адпаведныя паведамленні. Такія грамадзяне абавязаны заплаціць збор да 15 лістапада.

Сяргей Антонаў, «Віцебскія вясці».