Больш за 330 выстаў-продажаў пройдзе ў Віцебскай вобласці ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года

20 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 330 выставак-продажаў і пашыраных распродажаў пройдзе ў Віцебскай вобласці ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю Віцебскага аблвыканкама. Активная падрыхтоўка дзяцей да школы ў рэгіёне ўжо пачалася. Рэалізацыяй школьных тавараў займаюцца 1,3 тыс. аб'ектаў гандлю, дзе спецыяльна для гэтага створаны дадатковыя працоўныя месцы, адкрыты 1170 куткоў для першакласнікаў. Таксама арганізаваны выязны і дробна-рознічны гандаль. У Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку і ўсіх райцэнтрах вобласці 21 і 28 жніўня пройдуць пашыраныя школьныя кірмашы з удзелам прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. У час іх правядзення дзеці і бацькі змогуць не толькі набыць усё неабходнае, але і прыняць удзел у спартыўна-забаўляльных мерапрыемствах, канцэртных праграмах. Ва ўпраўленні гандлю таксама адзначылі, што сёлета мінімальны кошт экіпіроўкі дзяцей да новага навучальнага года (адзенне, абутак, пісьмовыя прыналежнасці) для малодшых школьнікаў складзе Br300-320 тыс., для старэйшакласнікаў - Br480-500 тыс.