Больш за 35 тысяч елак паступяць у продаж на святочныя кірмашы Віцебскай вобласці
Да Новага года засталося менш за месяц, а крамы вобласці ўжо даўно сустракаюць пакупнікоў у маляўнічым убранні. Шырока разгарнуліся тэматычныя выставы-продажы і распродажы, дэгустацыі, якія, несумненна, ствараюць перадсвяточны настрой.
Нібы ў лесе, выстраіліся штучныя елкі і сосны, на вешалках стракацяць карнавальныя касцюмы і вырабы, зіхацяць навагоднія цацкі і ўпрыгожанні. З 20 снежня на 120 святочных кірмашах Віцебшчыны запахуць хвояй — больш за 35 тыс. лясных прыгажунь чакаюць свайго выхаду ў свет.
У гарадах і раённых цэнтрах вобласці стартавалі традыцыйныя кірмашы, дзе можна набыць усё неабходнае па прымальных цэнах. У Віцебску святочныя распродажы пачаліся сёння і працягнуцца па 7 студзеня. Гандлёвыя рады разгорнуцца па выхадных днях з 9.00 да 14.00 на вуліцы Леніна (участак ад міні-кафэ «Эрыдан» да кафэ «Аўрора»), на рынку «Цэнтральны» і Пралетарскай плошчы. У святочныя і перадсвяточныя дні 24, 25, 31 снежня і 7 студзеня харчовыя крамы будуць працаваць як у будні дзень.
Кафэ і рэстараны Віцебска, размешчаныя ў асобна стаячых будынках, з 20 снежня па 5 студзеня будуць адкрыты да 3.00, а 31 снежня і 6 студзеня – да шасці раніцы.
Акрамя таго, ва ўзмоцненым рэжыме будуць працаваць кулінарныя і булачна-кандытарскія цэхі: у планах у іх вырабіць 200 т кулінарных вырабаў, 450 т булачна-кандытарскіх і 130 т паўфабрыкатаў.
Шампанскага, тортаў і цукерак хопіць усім. Так што будзем сустракаць Новы год смачна!
Таццяна Серабракова, "Віцебскія весці"