Больш за 3,5 тысячы гектараў лесу пасадзяць на Віцебшчыне
Звыш 3,5 тысячы гектараў лесу плануецца пасадзіць гэтай вясной на тэрыторыі вобласці, паведамілі ў Віцебскім ДВАЛГА.
З 28 сакавіка па 4 красавіка ў рэспубліцы пройдзе акцыя "Тыдзень лесу-2015", прысвечаная 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Не засталіся ўбаку і лесаводы Віцебшчыны. Ва ўсіх лясніцтвах і лесагаспадарках выбраны пляцоўкі для пасадак. Таксама прадугледжваецца ачыстка лесу і прыдарожных палос ад смецця і бруду, уборка і частковы рамонт зон адпачынку.
Інфармацыя аб акцыі размешчана на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Валанцёры з грамадскіх і моладзевых арганізацый створаць новыя дэндрарыі, памятныя алеі і скверы, добраўпарадкуюць тэрыторыі мемарыяльных комплексаў, месцы воінскай славы, пахаванні воінаў і партызан. Сярод пастаянных і актыўных удзельнікаў акцыі традыцыйна самі лесаводы. Ахвотныя далучыцца да акцыі могуць звярнуцца ў лесагаспадарчыя арганізацыі.
"Цяпер ідзе рэгістрацыя, таму дакладную колькасць удзельнікаў назваць цяжка, як і аб'ёмы пасадак, паколькі ўсё будзе залежаць ад пагодных умоў. У цэлым жа гэтай вясной на тэрыторыі вобласці плануецца пасадзіць звыш 3,5 тысячы гектараў лесу. Гэтым зоймуцца ўсе 19 лесагаспадарчых устаноў ДВАЛГА. Найбольшыя плошчы прыпадаюць на Аршанскі лясгас - тысячу га, Россонскі - больш за 300 гектараў, Талачынскі - каля 300 гектараў, Верхнядзвінскі - 220 гектараў, Бегамльскі - 190 гектараў, і Лёзненскі - 170 гектараў", - растлумачыў вядучы інжынер па лесаўзнаўленні і меліярацыі Віцебскага ДВАЛГА Аляксей Кіташаў.
Традыцыйнымі культурамі для рэгіёна з'яўляюцца елка еўрапейская і хвоя звычайная. На іх пасадкі адведзена звыш 2,4 тысячы гектараў і 960 гектараў адпаведна. Каля 140 гектараў плануецца заняць цвёрдалісцевымі пародамі (ясень звычайны, дуб чарэшчаты, клён остролистный) і 45 гектараў - елкай еўрапейскай. Большасць пасадак (каля 70%) будуць змешанымі - яны найбольш устойлівыя, асабліва ў сучасных умовах, калі ёсць верагоднасць глабальных змен клімату.
Пасадачны матэрыял прадастаўлены ўласнымі гадавальнікамі (у вобласці іх 16), невялікая частка закуплена ў Магілёўскай вобласці - для забеспячэння рэалізацыі планаў Аршанскага лясгаса. Акрамя таго, звыш 1,1 тысячы гектараў будзе занята селекцыйным пасадачным матэрыялам, што ў будучыні значна павысіць іх прадукцыйнасць.
Кацярына Князева, БЕЛТА