Больш за 4 т нарказмяшчальных раслін знішчана за ліпень у Віцебскай вобласці

15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 4 т нарказмяшчальных раслін знішчана за ліпень у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Віцебскага аблвыканкама.

   Мерапрыемствы па выяўленні і знішчэнні дзікарослых канопляў і маку на бесхозных участках, звалках, а таксама асоб, якія займаюцца іх культываваннем, праводзяцца супрацоўнікамі міліцыі ў рамках спецыяльнай праграмы "Мак" з 1 чэрвеня па 31 жніўня. Толькі за ліпень на тэрыторыі рэгіёна было выяўлена 338 фактаў незаконных пасеваў маку і канопляў на плошчы амаль 4,8 тыс. кв.м, знішчана 4,2 т нарказмяшчальных раслін. Прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 166 асоб. Так, у поле зроку супрацоўнікаў праваахоўных органаў трапілі 30-гадовы непрацуючы пастаўчанін, у якога выяўлена 1,5 кг макавай саломкі, і 33-гадовы жыхар горада Чашнікі, раней судзімы за незаконнае захоўванне наркотыкаў. У яго была знойдзена не высушаная макавая салома масай больш за 2 кг.

   За студзень-ліпень у Віцебскай вобласці выяўлена больш за 230 злачынстваў у сферы абароту наркатычных і псіхатропных рэчываў. З іх больш за 60 звязаны са збытам наркотыкаў. Да крымінальнай адказнасці за захоўванне забароненых рэчываў прыцягнута больш за 50 жыхароў рэгіёна. Большасць з іх - гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў.

   У адпаведнасці з заканадаўствам за незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў прадугледжваецца крымінальная адказнасць да 5 гадоў пазбаўлення волі, за збыт - да 15 гадоў пазбаўлення волі, адзначылі ва УУС.-0-