Больш за 4 тыс. асобін шчупак запусцілі ў вадаём нацпарку "Браслаўскія азёры"
Рыбапасадачны матэрыял узялі з гадавальніка "Мекяны" нацпарку. Да станаўлення лёду на возеры плануецца выпусціць яшчэ звыш 6 тыс. дробных шчупакоў. Акрамя таго, у красавіку гэтага года "Браслаўскія азёры" выпусцілі 1,36 млн лічынак шчупака ў пяць вадаёмаў - Багданаўскае, Бужа, Войса, Дрысвяты і Струста.
Полавой сталасці шчупак дасягне праз тры-чатыры гады. Паколькі ён з'яўляецца каштоўным відам рыбы, для яго ўстаноўлена мера вылаву ў 40 см пры прамысловым і аматарскім рыбалоўстве. Таму пры здабычы рыбы, якая не дасягнула даўжыні 40 см, важна выпускаць яе ў жывым выглядзе назад у вадаём. За парушэнне гэтага правіла прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Закупку рыбапасадачнага матэрыялу і зарыбленне нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" праводзіць за сродкі ад продажу пуцёвак на платнае аматарскае рыбалоўства.