Больш за 40 фінансістаў Віцебскай вобласці ўдастоены ўзнагарод з нагоды 100-годдзя службы
Сёння ў фінансавых органах мясцовай выканаўчай улады працуе 231 чалавек — гэта каманда адданых сваёй справе аднадумцаў, здольная вырашаць складаныя задачы, а вынікі яе працы закладваюць аснову для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы Віцебскай вобласці.
У пераважнай большасці кіраўнікамі фінансаў у рэгіёне з'яўляюцца жанчыны. Для 70 фінансавы орган стаў першым і адзіным месцам працы, прычым у паловы з іх стаж больш за 30 гадоў.
Як адзначыў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Генадзь Грэбнеў, прыкладам найвышэйшай адказнасці і прафесіяналізму з'яўляецца працоўная біяграфія Інны Юшчанка, Вольгі Талочка, Аляксандра Радчанкі, Людмілы Місурагінай, Вольгі Меркурыевай, Яўгеніі Бардушка. Беражліва ставяцца ў сістэме і да маладых кадраў, свет фінансаў адкрывае дарогу тым, хто рэалізуе смелыя ідэі, робіць гэта з натхненнем і упартасцю, нацэленасцю на вынік.
Віншуючы фінансавых работнікаў, першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч аддаў належнае іх талентам, пісьменнасці, а таксама выверанасці падрыхтаваных імі дакументаў і годнай пераймання карпаратыўнай культуры.
— Разлічваючы на бюджэтную падтрымку рэальнага сектара эканомікі, мы ўсведамляем, што бюджэт у краіне з'яўляецца сацыяльна накіраваным, разумеем, для чаго збіраем падаткі, і выразна адчуваем, як вы ў далейшым карпатліва працуеце над іх рацыянальным і максімальна карысным размеркаваннем, — падкрэсліў Алег Мацкевіч.
Нямала добрых слоў у адрас фінансістаў прагучала з вуснаў кіраўнікоў Міністэрства фінансаў, банкаўскіх структур, арганізацый і ведамстваў, якія з'яўляюцца партнёрамі ў рэалізацыі бюджэтнага працэсу. У ліку ганаровых гасцей былі ветэраны фінансавай сістэмы, што надавала святу асаблівую цеплыню і душэўнасць.
Адметнасцю ўрачыстасці сталі шматлікія архіўныя матэрыялы, рарытэты і копіі дакументаў аб станаўленні і развіцці фінансавай службы ў рэгіёне, якая з'яўляецца найстарэйшай у Беларусі.