Больш за 40 нелегальных мігрантаў выяўлена на мяжы Віцебскай і Пскоўскай абласцей

24 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 40 нелегальных мігрантаў было выяўлена падчас аперацыі "Нелегал" на беларуска-расійскай мяжы, праведзенай сумесна праваахоўнымі органамі Пскоўскай і Віцебскай абласцей у маі бягучага года. Аб гэтым паведаміў журналістам начальнік упраўлення Федэральнай міграцыйнай службы Расіі (ФМС) па Пскоўскай вобласці Аляксандр Парамонаў. Ён прымае ўдзел у рабочай сустрэчы кіраўніцтва міграцыйных службаў Пскоўскай і Віцебскай абласцей, якая праходзіць сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віцебскія і пскоўскія праваахоўнікі праводзяць такія сумесныя аперацыі штоквартальна. Для Пскоўскай вобласці, якая мяжуе з рэгіёнамі трох дзяржаў і праз якую штогод перамяшчаюцца больш за 2 млн. чалавек, праблема нелегальнай міграцыі мае асаблівую значнасць. У гэтай рабоце расійскія праваахоўнікі знаходзяць пастаянную падтрымку і ўзаемаразуменне з беларускімі калегамі. "Пытанні ўзаемадзеяння ў сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй з'яўляюцца асноўнай тэмай рабочай нарады, падчас якой будуць падведзены вынікі сумеснай работы і сфарміраваны планы мерапрыемстваў на найбліжэйшую перспектыву", - паведаміў Аляксандр Парамонаў. Па словах начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама Таццяны Рамашовай, адным з актуальных пытанняў узаемадзеяння міграцыйных службаў дзвюх памежных абласцей з'яўляецца аказанне дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Сёння ў Віцебскай вобласці пражываюць па відах на жыхарства больш за 20 тыс. чалавек, з якіх звыш 14 тыс. з'яўляюцца грамадзянамі Расіі. Высокі ўзровень узаемадзеяння паміж службамі памежных абласцей дапамагае аператыўна рэагаваць на просьбы і пажаданні людзей, якія, напрыклад, страцілі дакументы, сутыкнуліся з іншымі праблемамі, у тым ліку ў сферы працоўнай міграцыі. Акрамя таго, Віцебская вобласць мае з пскоўскім рэгіёнам самую працяглую мяжу (каля 250 км), якая закранае пяць раёнаў Віцебшчыны. Гэта абумоўлівае павышаную цікавасць віцебскіх праваахоўнікаў да супрацоўніцтва з пскоўскімі калегамі ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй на памежным узроўні, дадала яна. Падчас рабочай сустрэчы, якая завершыцца 25 чэрвеня, плануецца абмеркаваць комплекс пытанняў па арганізацыі сумесных аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне, папярэджанне і спыненне каналаў нелегальнай міграцыі замежных грамадзян, а таксама намеціць меры па павышэнні эфектыўнасці памежнага супрацоўніцтва міграцыйных службаў Віцебскай і Пскоўскай абласцей.-0-