Больш за 40 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва ў Віцебскай вобласці

26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 40 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела транспарту і камунікацый камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Шматаў. У Віцебскай вобласці ў цяперашні час дзейнічае 173 аб'екты прыдарожнага сэрвісу, што складае крыху больш за 10% ад іх агульнай колькасці па рэспубліцы. Узровень прыдарожнага сэрвісу пакуль застаецца нізкім, канстатаваў суразмоўца. Прыкладна дзве траціны аб'ектаў складаюць аўтазаправачныя станцыі і пункты харчавання. Адчуваецца недахоп станцый тэхнічнага абслугоўвання і аўтамый. Напрыклад, на 2,9 тыс. км рэспубліканскіх дарог, якія праходзяць праз тэрыторыю рэгіёна, маецца толькі 1 мыйка. У параўнанні з еўрапейскімі патрабаваннямі забяспечанасць аўтазапраўкамі складае 59% ад нарматыўнай, пунктамі харчавання - 53%, станцыямі тэхабслугоўвання - 22%, кемпінгамі і гасцініцамі - 33%. Сярэдняя адлегласць паміж пунктамі харчавання складае 75 км пры еўрапейскім нарматыве - 50 км, нарматыў па адлегласці паміж запраўкамі перавышаны ў тры разы. Такім чынам, у найбліжэйшы час для дасягнення міжнародных патрабаванняў у галіне трэба будзе павялічыць колькасць аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу амаль на 100 адзінак. На думку Сяргея Шматава, стварэнне адзінай транспартнай прасторы з Расійскай Федэрацыяй і агульнага рынку транспартных паслуг у рамках СНД запатрабуе хутчэйшага вырашэння пытанняў развіцця прыдарожнага сэрвісу на тэрыторыі вобласці. Віцебскі аблвыканкам прыняў шэраг рашэнняў, якія тычацца падтрымкі малога бізнесу, зацікаўленага ў развіцці гэтай сферы. У прыватнасці, мясцовым органам улады рэкамендавана распрацаваць тыпавыя праекты аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Уладальнікам заправак уздоўж аўтатрас рэкамендавана адкрыць крамы па продажы харчовых і нехарчовых тавараў. Віцебскаблмаёмасці даручана разгледзець пытанне аб паскарэнні працэдуры афармлення зямельных участкаў пад будаўніцтва аб'ектаў.-0-