Больш за 40 злачынстваў раскрыла міліцыя Віцебскай вобласці ў 2010 годзе па званках ад грамадзян
27 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 40 злачынстваў раскрылі ў 2010 годзе міліцыянеры Віцебскай вобласці па аператыўных званках ад грамадзян, якія паступілі на лінію 102. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найданка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Найданка лічыць, што гэта з'яўляецца паказчыкам даверу насельніцтва супрацоўнікам міліцыі. "Людзі тэлефануюць, бо ўпэўнены, што іх інфармацыя дапаможа спыніць супрацьпраўныя факты, і іх пачуюць", - падкрэсліў ён.
Праведзены па выніках года аналіз ступені даверу насельніцтва міліцыі ў Віцебскай вобласці склаў больш за 36%, што з'яўляецца другім вынікам сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі. "Пры гэтым практыка паказвае, што лепш за ўсё дадзены паказчык складаецца там, дзе добра арганізавана праца і ўзаемадзеянне супрацоўнікаў міліцыі, ДАІ, дэпартамента аховы, а таксама наладжаны кантроль за гэтым працэсам", - канстатаваў начальнік УУС. -0-