Больш за 40 тыс. елак плануюць рэалізаваць лясгасы Віцебскага ПЛХА на навагодніх кірмашах
Больш за 40 тыс. дрэў плануюць рэалізаваць лясгасы Віцебскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВА) на навагодніх ёлачных кірмашах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы інжынер пабочнага карыстання лесам і падсобнай сельскай гаспадаркай аб'яднання Алег Грыцкевіч.
Сезон ёлачных кірмашоў стартуе ў Віцебскай вобласці 20 снежня. Масавыя распродажы пройдуць 22, 23, 29 і 30 снежня. Рэалізацыя будзе ажыццяўляцца ва ўсіх гарадах рэгіёна, раённых цэнтрах, аграгарадках і буйных населеных пунктах. У Віцебску сетка ёлачных кірмашоў уключае 19 пунктаў, якія ахопліваюць увесь горад, у тым ліку раёны-новабудоўлі. Найбольш буйныя ёлачныя кірмашы размесцяцца па вуліцы Леніна, на Смаленскім і Полацкім рынках, Пралетарскай плошчы.
На выбар пакупнікам лясгасы прапануюць звычайныя зялёныя елкі, сосны, ёлачныя і сасновыя букеты, а Глыбоцкі лясгас прывязе элітныя блакітныя елкі ў кадках, якія пасля завяршэння навагодніх святаў цалкам могуць дачакацца вясны на балконе, каб потым упрыгожыць сабой фазенды гараджан.
Кошт галоўнага атрыбута Новага года да 1 м складзе Br40 тыс., 1-2 м - Br50 тыс., 2-3 м - Br75 тыс., 3-4 м - Br122 тыс., 4-5 м - Br190 тыс.
Алег Грыцкевіч таксама нагадаў аб адказнасці за самавольную высечку дрэў. У мэтах аховы ёлачных насаджэнняў у апошняй дэкадзе снежня будзе праводзіцца патруляванне лясоў. У рэйдавыя групы акрамя работнікаў лясгасаў увойдуць супрацоўнікі ДАІ, падатковых органаў, абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і іншых зацікаўленых ведамстваў.