Больш за 40 воінскіх пахаванняў добраўпарадкуюць у Віцебскім раёне падчас рэспубліканскага суботніка
У Віцебскім раёне падчас рэспубліканскага суботніка будуць добраўпарадкаваны 42 воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.
Так, супрацоўнікі абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зоймуцца добраўпарадкаваннем памятнага знака савецкім лётчыкам у раёне Воронаўскага кальца, вайскоўцы в/ч 52287 будуць працаваць на брацкіх пахаваннях у вёсцы Машкіна Заронаўскага сельсавета. Прадстаўнікі папраўчай установы ўпраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці працягнуць працу па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў у вёсцы Пышнякі Бабініцкага сельсавета.
Выказалі жаданне прыняць удзел у добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў і прадстаўнікі раённага аддзела Следчага камітэта. Ім прапанавана навесці парадак на воінскіх пахаваннях вёскі Буёва Бабініцкага сельсавета.
У райвыканкаме адзначылі, што ў аграгарадку Ноўка падчас рэспубліканскага суботніка пройдзе патрыятычная акцыя, прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — у населеным пункце будзе закладзена алея каштанаў.
Чакаецца, што ў рэспубліканскім суботніку прымуць удзел больш за 6 тыс. працаўнікоў Віцебскага раёна, акрамя таго, у навядзенні парадку на воінскіх пахаваннях і ў пасадках дрэў прымуць удзел пенсіянеры, студэнты і школьнікі.
Алена Ціханава