Больш за 400 чалавек будуць прыцягнуты да кантролю за цэнтралізаваным тэсціраваннем у Віцебскай вобласці

10 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Больш за 400 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, устаноў адукацыі і грамадскасці будуць дадаткова прыцягнуты да кантролю за тэставымі выпрабаваннямі ў Віцебскай вобласці, паведамілі сёння карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Кантроль за правядзеннем тэсціравання будзе весціся ў кожнай аўдыторыі ва ўсіх 8 пунктах тэсціравання, якія ўтвораны на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнічнага тэхнікума, Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. У Віцебскай вобласці на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся 51726 чалавек, гэта на 2695 чалавек больш, чым у 2008 годзе. У абласной камісіі нагадалі, што цэнтралізаванае тэсціраванне будзе праводзіцца з 15 чэрвеня па 1 ліпеня. У выпадку нез'яўлення па ўважлівай прычыне на тэсціраванне абітурыенты могуць яго прайсці ў рэзервовы дзень 6 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Зарэгістравацца на ўдзел у тэсціраванні ў рэзервовы дзень можна будзе з 25 чэрвеня па 2 ліпеня ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.-0-