Больш за 400 чалавек і 100 адзінак тэхнікі задзейнічаны на ліквідацыі наступстваў стыхіі ў Гомельскай і Віцебскай абласцях
13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На ліквідацыі наступстваў шквалістага ветру і навальніцы, якія ў мінулыя суткі прайшліся па Гомельскай і Віцебскай абласцях, задзейнічана больш за 400 чалавек і 100 адзінак тэхнікі, паведаміў БЕЛТА аператыўны дзяжурны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Створаны зводныя брыгады з работнікаў падраздзяленняў МНС, энергетыкаў, лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны заняты на рамонце ліній электраперадач, уборцы абрынутых дрэў, адпампоўцы вады і аднаўленні пашкоджаных дахаў на сацыяльна значных аб'ектах, дамах сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва.
Як паведамілі беларускія сіноптыкі, учора ўвечары і сёння ноччу на Гомельшчыну абрынуўся моцны вецер, парывы якога дасягалі 30 м/с, і навальніца з градам (17 мм). Колькасць выпаўшых ападкаў перавысіла 40-45 мм. Ад разгулу стыхіі ў Гомельскай вобласці пацярпела 9 раёнаў, дзе зарэгістраваны адключэнні ад электраэнергіі населеных пунктаў, медыцынскіх устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, малочна-таварных ферм. Таксама пашкоджаны дахі 28 жылых дамоў, аднаго аб'екта сацкультбыту, 3 сельскагаспадарчых будынкаў, парушаны рух грамадскага транспарту.
Гомельская вобласць падвергнулася ўдару стыхіі чацвёрты раз за апошнія два тыдні. 29 мая ў Жлобінскім раёне, 1 чэрвеня ў Буда-Кашалёўскім і 7 чэрвеня ў Чачэрскім узнікалі тарнада, якія прывялі да разбурэнняў і гібелі жывёлы. Акрамя таго, 11 чэрвеня ў Лельчыцах выпаў град дыяметрам 22 мм. -0-