Больш за 400 службовых асоб Віцебскай вобласці аштрафаваны ў 2010 годзе за парушэнні правілаў аховы працы

24 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. За парушэнні заканадаўства аб ахове працы ў Віцебскай вобласці за 2010 год былі аштрафаваны 415 наймальнікаў і 368 службовых асоб. Агульная сума іх штрафаў склала Br421 млн., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў. У адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы №1 за парушэнні правілаў па ахове працы, якія пацягнулі калецтва або смерць работнікаў, у мінулым годзе звольнены 24 службовыя асобы, у тым ліку трое кіраўнікоў арганізацый. Усяго ў 2010 годзе дзяржінспектарамі працы праведзена на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэгіёну 1,2 тыс. праверак, па выніках якіх выяўлена 10,6 тыс. парушэнняў заканадаўства аб працы і аб ахове працы, прыпынена праца 587 станкоў, машын і іншага абсталявання, што стварае пагрозу жыццю і здароўю работнікаў, а таксама сямі цэхаў. У ходзе праверак па патрабаванні інспектараў былі адхілены 722 работнікі. За мінулы год на прадпрыемствах вобласці загінулі 25 работнікаў, 89 атрымалі цяжкія траўмы, што адпаведна на 31,6% і 14,1% вышэй у параўнанні з узроўнем 2009 года. Пры гэтым рост смяротных выпадкаў адзначаецца ў арганізацыях малога прадпрымальніцтва, сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, на будаўнічых прадпрыемствах. Аналіз няшчасных выпадкаў, што адбыліся, з цяжкімі і смяротнымі зыходамі паказаў, што іх асноўнымі прычынамі стала парушэнне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны (24,1%), невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы (17,3%), эксплуатацыя няспраўных, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі машын і абсталявання (8%). Па-ранейшаму захоўвае актуальнасць і фактар ужывання алкаголю на працоўным месцы.-0-