На выставе ў Віцебску прадстаўлена больш за 400 лялек-абярэгаў і аўтэнтычных цацак
Больш за 400 аўтарскіх лялек-абярэгаў і аўтэнтычных цацак прадстаўлена на выставе "Кірмаш цудаў" у Віцебску. Экспазіцыя размясцілася ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе.
Цацкі і лялькі выкананы з саломкі, гліны, лазы, дрэва, цеста, стужак, скуры і ануч. На выставе прадстаўлены работы 120 народных майстроў з 25 Дамоў рамёстваў вобласці.
Па словах вядучага метадыста выставачнай залы Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Гарючкі, традыцыйныя беларускія цацкі і лялькі не прызначаліся для гульні, яны мелі сімвалічнае значэнне. У сваёй большасці гэта абярэгі, якія павінны былі ахоўваць дом і канкрэтных людзей ад злых сіл. Такія сімвалічныя цацкі дарылі новажydı, навасёлам, прызыўнікам і г.д. Для кожнага канкрэтнага выпадку была свая цацка-абярэг.
Адным з самых яркіх экспанатаў з'яўляецца сусветнае дрэва, на галінах якога майстры з Наваполацка размясцілі традыцыйных лялек - зярновушку, жаданніцу, травніцу, неразлучнікаў (вясельная лялька-абярэг), сясцёр-ліхаманак. Як растлумачыла Кацярына Гарючка, у славянскай міфалогіі сусветнае дрэва сімвалізавала сусвет. Яго крона дасягае нябёсаў, карані (у якіх цячэ свяшчэнная крыніца) сыходзяць у пекла, ствол і галіны арганізуюць зямную прастору. Разам з тым сусветнае дрэва сімвалізавала канкрэтны род і яго часта дарылі маладым на вяселле. Галіны такога дрэва традыцыйна ўпрыгожвалі фігуркамі жаніха, нявесты і дзяцей.
Выстава "Кірмаш цудаў" будзе працаваць у Віцебску да 13 студзеня.
Алена Ціханава