Больш за 400 аб'ектаў культуры адрамантавана за 2010 год у Віцебскай вобласці
21 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 400 аб'ектаў культуры адрамантавана за 2010 год у Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама.
Пасля мадэрнізацыі адкрыты парк абласнога музея імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова з экспазіцыйнымі комплексамі партызанскага побыту. Значная ўвага надавалася аб'ектам культуры ў сельскіх рэгіёнах вобласці. Так, пры падрыхтоўцы да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2010" у Расонах больш за Br4 млрд. было накіравана на рамонт раённага Дома культуры, Музея баявой супольнасці і раённай школы мастацтваў. За кошт сродкаў абласнога бюджэту праводзіліся работы на Мемарыяльным комплексе "Праклён фашызму" Шунеўка" ў Докшыцкім раёне. Пачаты капітальны рамонт з мадэрнізацыяй Дзісненскага Дома рамёстваў, працягнулася абнаўленне раённых Дамоў культуры ў Сянне, Бешанковічах, Верхнядзвінску, Глыбокім, музеяў у Лёзне, Сянне, Верхнядзвінску.
Усяго за перыяд рэалізацыі праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады ў Віцебскай вобласці на рамонт аб'ектаў культуры асвоена Br65 млрд. Разам з гэтым недахоп фінансавання не дазволіў у поўным аб'ёме выканаць усе запланаваныя мерапрыемствы. З 2006 па 2010 год засталіся 18 аб'ектаў недабудовы. Работы на іх будуць ажыццяўляцца ў рамках мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады.
У цяперашні час у Полацку выконваюцца рэстаўрацыйныя работы фрэсак уключанай у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА Спаса-Праабражэнскай царквы. У межах ажыццяўлення Комплекснай праграмы развіцця горада на 2008-2012 гады рэстаўруюцца будынкі Дамка Пятра I, Сафійскага сабора і былога Дома афіцэраў пад музей Полацка. У абласным цэнтры завяршаецца аднаўленне Свята-Успенскага кафедральнага сабора, рэканструюецца канцэртная зала "Віцебск". У стадыі рамонту знаходзяцца будынкі абласной бібліятэкі імя Леніна, тэатра "Лялька", Віцебскага і Наваполацкага музычных каледжаў, Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў.-0-