Больш за 400 студэнтаў прадставяць навуковыя працы на канферэнцыі "Адукацыя XXI стагоддзя" у Віцебску
23 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 400 студэнтаў і магістрантаў прымуць удзел у XI навукова-практычнай канферэнцыі "Адукацыя XXI стагоддзя" 24-25 сакавіка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Савета студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта Вераніка Карацерзі.
У Віцебску збяруцца прадстаўнікі 14 ВНУ з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама ўпершыню цікавасць да студэнцкай канферэнцыі праявілі расійскія ВНУ. Асноўнымі задачамі канферэнцыі з'яўляюцца папулярызацыя навуковай дзейнасці, аказанне дапамогі маладым людзям у рэалізацыі свайго патэнцыялу ў навуковай сферы, падтрымка іх на шляху да поспеху ў даследчай працы. Фармат правядзення мерапрыемства дазволіць маладым даследчыкам абмяняцца вопытам, ідэямі і напрацоўкамі, абмеркаваць праблемныя пытанні і, магчыма, абазначыць перспектыўныя напрамкі кааперацыі па розных тэмах навуковых пошукаў.
На форуме будуць працаваць 11 секцый па рознай тэматыцы навуковых інтарэсаў і прыярытэтным напрамках навуковых даследаванняў. Так, удзельнікі абмяркуюць развіццё тэорыі матэматычнага мадэлявання і магчымасці яе прымянення ў адукацыі і вытворчых працэсах, падзеляцца думкамі па фундаментальных асновах стварэння нанаматэрыялаў. Увазе маладых вучоных будуць прапанаваны пытанні рацыянальнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу беларускага Паазер'я і аховы навакольнага асяроддзя, праблемы фарміравання прававой культуры моладзі, а таксама распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў сацыяльнай сферы ў ВНУ. Цікавыя дыскусіі чакаюцца падчас працы секцый па праектаванні і мадэляванні прадметна-прасторавага асяроддзя сродкамі дызайну і дэкаратыўнага мастацтва, а таксама па праблемах духоўнай культуры грамадства. Арганізатары спадзяюцца, што заяўленыя на канферэнцыю работы стануць асновай для перспектыўных інавацыйных праектаў, якія знойдуць практычнае прымяненне.
У 2010 годзе студэнтамі ВДУ было выканана больш за 200 навуковых работ, у тым ліку звыш 120 аўтараў распрацовак сталі лаўрэатамі і прызёрамі рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў ВНУ Беларусі.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава.-0-