Больш за 4,1 тыс. грамадзян праявілі цікавасць да працы назіральнікамі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў у Віцебскай вобласці

Более 4,1 тыс. граждан проявили интерес к работе наблюдателями в избиркомах всех уровней в Витебской области
Падчас выбарчай кампаніі на дадзеным этапе асноўная ўвага прыкавана да Цэнтральнай камісіі па выбарах: да 14 ліпеня ўключна там павінны завяршыць праверку адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты патрабаванням Выбарчага кодэкса і прыняць рашэнне аб іх рэгістрацыі. Пасля чаго стартуе перадвыбарная агітацыя.

Па афіцыйных даных, у Цэнтрвыбаркам пададзены дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Андрэя Дзмітрыева, Ганны Канапацкай, Аляксандра Лукашэнкі, Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы, Сяргея Чэрчаня.

Тым часам на месцах працягваецца арганізацыйная падрыхтоўка выбараў. Выканкамы па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі выбаркамамі вызначылі месцы для правядзення ў паведамляльным парадку масавых мерапрыемстваў кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, а таксама сустрэч з выбаршчыкамі. Напрыклад, у Віцебску эпіцэнтрамі агітацыйнай працы стануць каля 20 устаноў і пляцовак на адкрытым паветры: актавыя і чытальныя залы ўстаноў адукацыі і культуры ў розных месцах абласнога цэнтра, а таксама паркавыя зоны ў трох раёнах горада.

Пасля ўтварэння ўчастковых камісій усяго за два тыдні там акрэдытавана больш за 4 тыс. назіральнікаў, гэта значыць гэты працэс ішоў з хуткасцю 334 назіральнікі ў дзень. Паводле даных на 6 ліпеня, на кожным участку для галасавання ўжо працуюць у гэтым статусе ў сярэднім па пяць і больш прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў і грамадзян. Усяго цікавасць да працы назіральнікамі ў камісіях усіх узроўняў на Віцебшчыне праявілі больш за 4,1 тыс. грамадзян. Большасць з іх (амаль 90%) дэлегаваны грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку прафесійнымі саюзамі, якія ўваходзяць у ФПБ (1397, або 33,7%), БРСМ (729, або 17,6%), ГА «Белая Русь» (578, або 13,9%), аб'яднаннем ветэранаў (402, або 9,7%), саюзам жанчын (297, або 7,2%), Беларускім фондам міру (182, або 4,4%).

Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня, пры гэтым датэрміновае галасаванне адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней 19 жніўня. Пры неабходнасці другі тур галасавання павінен па плане прайсці не пазней чым у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.

"Віцебскія весці".