Больш за 44 млн. расійскіх рублёў будзе выдзелена на аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку

9 верасня, Мінск /Жанна Котлярова - БЕЛТА/. На аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку будзе выдзелена больш за 44 млн. расійскіх рублёў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла спецыяліст-эксперт дэпартамента сацыяльнай палітыкі, інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Людміла Курыловіч. Фінансаванне работ будзе ажыццяўляцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы і часткова за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў у Беларусі. Праект ужо распрацаваны, неўзабаве пачнуцца аднаўленчыя работы. Адкрыццё помніка плануецца да 200-годдзя перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года. Помнік Героям 1812 года быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Аўтарам праекта з'яўляўся архітэктар Фіксен. Манумент уяўляў сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам. Вакол яе стаялі 8 чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзелі пазалочаныя арлы. Усё гэта стаяла на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка складала 23,7 м, а агульная вага дасягала 221 т. У 1930-х гадах ён быў разбураны. Такая ж доля напаткала і манумент пад Барадзіно, да нашых дзён захаваўся толькі помнік у Смаленску. Таксама з саюзнага бюджэту прадугледжана выдзеліць 19 853 тыс. расійскіх рублёў на стварэнне ў г.Смаргоні мемарыяльнага комплексу па лініі супрацьстаяння 1915-1917 гадоў у Першую сусветную вайну. Горад быў цалкам разбураны германскай артылерыяй. 810-дзённую барацьбу ў 1915-1917 гадах за невялікі беларускі гарадок Смаргонь суадносяць з барацьбой блакаднага Ленінграда. З ініцыятывай аб стварэнні помнікаў выступілі камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, Міністэрства культуры Беларусі, мясцовыя органы выканаўчай улады ў Беларусі. Прапанову аб стварэнні гэтых помнікаў падтрымалі Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, Маскоўскі патрыярхат, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, Гродзенскі аблвыканкам, Смаргонскі райвыканкам і Полацкі гарвыканкам.-0-