Больш за 450 маладых людзей прынялі ваенную прысягу ў віцебскай 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе
Менавіта Віцебск для пачаткоўцаў вайскоўцаў з Прыдзвіння, а таксама Магілёўскай і Мінскай абласцей стане родным домам на бліжэйшыя паўтара года. Каля месяца яны рыхтаваліся да важнай падзеі – прыняцця прысягі. За гэты час больш за 240 маладых людзей ужо здзейснілі свой першы скачок з парашутам. Астатнім яшчэ трэба будзе асвоіць перавагі службы ў шэрагах дэсантнікаў – убачыць не раз родныя гарызонты з вышыні аблокаў. Служба ў 103-й мабільнай навучыць хлопцаў сапраўднай мужнасці, стойкасці і патрыятызму. Брыгада выгадавала не адно пакаленне герояў вайны, імёны якіх памятаюць і сёння. А таксама сапраўдных мужчын у мірным жыцці, якім урокі арміі дапамаглі зразумець важнасць сям'і, вялікае прызначэнне жанчыны і недатыкальнасць межаў сваёй краіны.
На ўрачыстым прыняцці прысягі вайскоўцаў прывітаў камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў. У цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Віцебскай абласной арганізацыі «Братэрства» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, падпалкоўнік у адстаўцы Валер'ян Мацкевіч, прадстаўнікі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Благаславіў усіх на ратную службу айцец Аляксандр – настаяцель храма святога прарока Ільі, які размяшчаецца на тэрыторыі часткі. Пажадаем поспеху маладым людзям і мы, а іх родным – цярпення і спакою. Разлука будзе нядоўгай, і вернуцца сыны, узмужалыя і моцныя. А хтосьці з іх, быць можа, знойдзе сваё прызванне і назаўсёды звяжа жыццё з узброенымі сіламі, застанецца на варце бяспекі, выконваючы ваенны і грамадзянскі абавязак.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.