Больш за 450 т чорнага і каляровага металу канфіскавана ў кантрабандыстаў у Віцебскай вобласці за 6 месяцаў

29 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за студзень-чэрвень з незаконнага абароту канфіскавана больш за 450 т чорнага і каляровага металу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Віцебскага аблвыканкама. Агульная сума тавару склала каля Br208 млн. За спробу незаконна вывезці метал за мяжу затрымана 146 грамадзян. Акрамя таго, у ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі праваахоўных органаў выявілі і спынілі дзейнасць звыш 15 нелегальных пунктаў збору металалому. Асноўным напрамкам вывазу кантрабанды з'яўляецца Расія, закупачныя цэны ў якой у некалькі разоў перавышаюць устаноўленыя ў Беларусі. Разам з тым процідзеянне незаконнаму вывазу металу стала больш эфектыўным з узмацненнем у лютым гэтага года санкцый Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, падкрэслілі ва ўпраўленні. Цяпер акрамя штрафу ў памеры да 100 базавых велічынь і канфіскацыі даходу суд мае права канфіскаваць у нелегальных перавозчыкаў і транспартны сродак, на якім перавозіўся метал. Па рэалізацыі гэтай нормы закона наладжана цеснае ўзаемадзеянне УУС з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. За чатыры месяцы - у сакавіку-чэрвені - супрацоўнікамі гэтай структуры па матэрыялах органаў унутраных спраў складзены 21 адміністрацыйны пратакол. На 11 транспартных сродкаў накладзены арышт, два аўтамабілі канфіскаваны Гаспадарчым судом Віцебскай вобласці.-0-