Больш за 45,4 тыс. школьнікаў Віцебскай вобласці на летніх канікулах адпачылі ў аздараўленчых лагерах

На летніх канікулах у Віцебскай вобласці адпачылі і ўмацавалі здароўе ў лагерах розных тыпаў 45 437 школьнікаў (104% да плана), паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

У летні перыяд на Віцебшчыне працавалі 28 стацыянарных загарадных аздараўленчых лагераў, з іх 5 спартыўна-аздараўленчых. Дадаткова на арандаваных плошчах школ-інтэрнатаў, агульнаадукацыйных школ адкрыта 11 лагераў. Акрамя таго, працавала 114 9-дзённых профільных лагераў з кругласутачным знаходжаннем, у тым ліку 11 лагераў працы і адпачынку (ЛПА). На базе агульнаадукацыйных і спартыўных школ функцыянаваў 701 лагер з дзённым знаходжаннем, уключаючы 91 ЛПА. На тэрыторыі Віцебскай вобласці было арганізавана 100 лагераў абаронна-патрыятычнага профілю, у тым ліку ў воінскіх падраздзяленнях - 48, сумесна з органамі МУС - 22, з аддзеламі МНС - 30 лагераў.

За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў аказана дапамога ў аплаце пуцёвак для дзяцей ільготных катэгорый і дзяцей работнікаў бюджэтных арганізацый. Вялікая ўвага нададзена працоўнай занятасці навучэнцаў. У 102 лагерах працы і адпачынку аздароўлена 1 716 падлеткаў. Паміж ЛПА і прымаючымі арганізацыямі былі заключаны дагаворы аб выкананні работ па добраўпарадкаванні малочна-таварных ферм, ваенных пахаванняў і абеліскаў, па рамонце школьных памяшканняў і мэблі, праполцы саджанцаў і сеянцаў у лесагаспадарчых пітомніках, па зборы ягад у сельскагаспадарчых прадпрыемствах. У прыватнасці, 60 талочынскіх падлеткаў збіралі ягады для наступнай перапрацоўкі на кансервавым камбінаце (сярэдні заробак юных зборшчыкаў - каля Br100). Падлеткі з Віцебска працавалі ў ДЛГУ \"Віцебскі лясгас\" Варонаўскага лясніцтва - хлопцы стрыглі хмызнякі і фарміравалі зялёную агароджу з драўняна-хмызняковых парод.

Традыцыйна пуцёўкі на летні перыяд выдзелены дзецям, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, - у аздараўленчых лагерах пабывалі больш за 2,2 тыс. дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, 705 дзяцей-інвалідаў, 6 857 хлопчыкаў і дзяўчынак з шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў.

На асаблівым кантролі - аздараўленне і

карысная занятасць цяжкіх падлеткаў. Так, у Браслаўскім раёне сумесна з Ваеннай акадэміяй арганізаваны палатачны абаронна-спартыўны 9-дзённы аздараўленчы лагер "Абаронца Айчыны", у які былі залічаны 70 юнакоў ва ўзросце 16-17 гадоў, у тым ліку 20 - з катэгорыі цяжкіх падлеткаў.

У Гарадоцкім раёне сумесна з в/ч 94017 праведзены спартыўна-патрыятычны лагер "Патрыёт" з кругласутачным знаходжаннем (9 дзён) - хлопцы наведалі ўстановы РАНС і РАУС, мерапрыемствы праводзіліся на ваенным палігоне Лосвіда, скаладроме і інш.

БЕЛТА.