Больш за 460 журналістаў будуць працаваць на «Славянскім базары ў Віцебску»

12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Цырымонія ўрачыстага адкрыцця Міжнароднага прэс-цэнтра XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" азнаменавала афіцыйнае адкрыццё форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый Шэдко, генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар дырэкцыі фестывалю Радзівон Бас, а таксама прадстаўнікі электронных і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, якія прадстаўляюць выданні, тэле- і радыёкампаніі 15 краін. "Я вельмі рады, што ў 21-ы раз мы з вамі сустрэліся", - падкрэсліў Радзівон Бас. "Хоць усе фестывальныя дні яшчэ наперадзе, можна казаць аб тым, што цяперашні фестываль ужо адбыўся, стаў гісторыяй. Сёлета запланавана больш за 70 мерапрыемстваў - фактычна па сем праектаў у дзень. Мы стараліся, каб у нас былі зоркі, гэта ўдалося: на форуме выступяць шмат вядомых замежных выканаўцаў, свежых імёнаў, шмат маладых таленавітых артыстаў, якія сёння маюць уласныя сольныя праекты. Прыемна, што многія з іх калісьці пачыналі ў нас. Гэта Пелагея, Марыя Навумава і іншыя", - сказаў Радзівон Бас, пажадаўшы прадстаўнікам СМІ поспехаў. Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Дзмітрый Шэдко выказаў упэўненасць, што падзеі форуму будуць асвятляць многія журналісты, якія ўжо добра знаёмыя з фестывалем. "Спадзяюся, што цяперашні "Славянскі базар у Віцебску" стане, як і ў мінулыя гады, плённым у плане стварэння матэрыялаў і сюжэтаў аб форуме", - сказаў ён. У XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прымаюць удзел артысты з 28 краін свету: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Македоніі, Малдовы, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Узбекістана, Украіны, Фінляндыі, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. Фестывальную акрэдытацыю атрымаюць каля 5 тыс. чалавек. Гэта артысты, журналісты, работнікі адміністрацыйных і тэхнічных службаў, госці фестывалю. Шматлікія падзеі форуму будуць асвятляць больш за 460 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.-0-