Больш за 5% суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці ажыццяўляюць дзейнасць у аграгарадках
5 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аб'ём падатковых паступленняў ад суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці, якія ажыццяўляюць дзейнасць у аграгарадках, у студзені-маі 2011 года склаў каля Br15 млрд., удзельная вага плацяжоў гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у бюджэтных паступленнях вобласці - каля 1%. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Найбольшы тэмп росту бюджэтных плацяжоў адзначаецца ў плацельшчыкаў, якія спецыялізуюцца на дзейнасці, звязанай з вылічальнай тэхнікай, - ён склаў больш за 200% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года. Таксама павялічылі аб'ёмы плацяжоў прадпрыемствы аптовага гандлю (186%), якія спецыялізуюцца на рыэлтарскай дзейнасці (156%), што аказваюць транспартныя паслугі (125%), будаўнічыя арганізацыі (104%). Разам з тым адзначаецца зніжэнне аб'ёму плацяжоў ад плацельшчыкаў, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку і забаў, - 86%.
Найбольшы аб'ём падатковых плацяжоў паступіў ад прадпрыемстваў у аграгарадках, якія ажыццяўляюць вытворчую дзейнасць (Br6,8 млрд.), а таксама ад прадпрыемстваў будаўнічай сферы (больш Br3 млрд.) і рознічнага гандлю (больш Br1,6 млрд.).
Па дадзеных на 1 чэрвеня, усяго ў аграгарадках вобласці працуюць амаль 2,4 тыс. юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, што складае больш за 5% ад агульнай колькасці плацельшчыкаў Віцебскай вобласці. Колькасць суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці ў аграгарадках вырасла амаль на 3% у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года. Суб'ектам гаспадарання, якія ажыццяўляюць дзейнасць у малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах, прадастаўляецца шырокі пералік льгот і прэферэнцый.-0-