Больш за 5 тыс. артыстаў возьмуць удзел у XVIII Міжнародным фестывалі «Славянскі базар у Віцебску»
19 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 5 тыс. артыстаў прымуць удзел у XVIII Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" Радзівон Бас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мастацкі ўзровень фестывалю абяцае быць вельмі высокім", - сказаў нязменны дырэктар фестывалю. Рэжысёрска-пастановачная група выкарыстала ўсе цікавыя прапановы, якія паступілі падчас конкурсу на лепшую канцэпцыю фестывальных канцэртаў і конкурсаў, які праводзіўся летась. Напрыклад, над правядзеннем конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009" працавалі 4 рэжысёрска-пастановачныя групы.
На сёлетнім фестывалі па традыцыі пройдуць Дні Беларусі, Расіі, Украіны, адбудзецца Дзень Саюзнай дзяржавы. Вялікую дэлегацыю артыстаў, мастакоў накіравала на фестываль Латвія - каля 100 чалавек. Гасцямі фестывалю стануць творчыя калектывы і выканаўцы з Казахстана, Ізраіля, Кітая, В'етнама. А ўсяго на флагштоках будуць развівацца сцягі 35 дзяржаў - менавіта столькі краін накіравалі сваіх прадстаўнікоў на форум культур.
Сачыць за падзеямі фестывалю будуць больш за 200 журналістаў. Прыём заявак на акрэдытацыю ўжо завершаны. Як звычайна, вялікая група карэспандэнтаў прыедзе з расійскіх рэгіёнаў. Трансляцыю канцэртаў фестывалю будуць весці "Белтэлерадыёкампанія" і тэлеканал "Расія". Упершыню расійскія гледачы ўбачаць у поўным аб'ёме выступленні ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Акрамя таго, расіяне змогуць убачыць у запісе канцэрты адкрыцця, закрыцця фестывалю і дзён нацыянальных культур - Беларусі, Расіі і Украіны. Беларускія гледачы змогуць назіраць за фестывальнай феерыяй у прамым эфіры - усе канцэрты, акрамя сольных начных выступленняў, будуць транслявацца па Першым канале тэлебачання.
Нягледзячы на шырокія магчымасці, якія прадстаўляе сучаснае тэлебачанне, гледачы не адмаўляюцца ад задавальнення акунуцца ў атмасферу свята, якую дорыць фестываль. Каля 60% білетаў на канцэрты, спектаклі ўжо раскуплены. Як адзначыў Радзівон Бас, найбольшы ажыятаж ля білетных кас узнікае ў апошнія перадфестывальныя дні - менавіта тады раскупляюцца ўсе білеты. -0-