Больш за 50% дэкларацый на Віцебскай мытні афармляецца ў электронным выглядзе

31 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай мытні па стане на 30 ліпеня 50,6% мытных дэкларацый былі аформлены ў электронным выглядзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік мытні Генадзь Пучкоў. У зоне дзейнасці Віцебскай мытні ўдзельнікамі электроннага дэкларавання з'яўляюцца восем суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку такія буйныя прадпрыемствы, як навалукомльскі завод керамзітавага жвіру, акцыянернае таварыства "Віцебскія дываны", аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны бальшавік". Да сістэмы электроннага дэкларавання наўпрост падключаны суб'екты гаспадарання, якія валодаюць статусам "Добрасумленны ўдзельнік знешнеэканамічнай дзейнасці". Тым прадпрыемствам, якія пакуль не валодаюць гэтым статусам, але жадаюць скарыстацца сучаснымі метадамі мытнага дэкларавання, дапамогу аказвае віцебскі філіял РУП "Белмытсэрвіс". Філіял афармляе электронныя дэкларацыі яшчэ 34 удзельнікам знешнеэканамічнай дзейнасці. Віцебская мытня з 1 ліпеня прыступіла да рэгістрацыі статыстычных электронных дэкларацый. Першым дэкларантам стала акцыянернае таварыства "Віцебская бройлерная птушкафабрыка". Паводле даных на 30 ліпеня, зарэгістравана 15 статыстычных дэкларацый у электронным выглядзе. Колькасць электронных дэкларантаў пастаянна расце. Як адзначыў Генадзь Пучкоў, пры электронным дэклараванні час афармлення дакументаў скарачаецца з 4 гадзін да 15 хвілін, зніжаюцца выдаткі, звязаныя з дастаўкай тавараў на склады часовага захоўвання. Яшчэ адным важным штуршком да развіцця электроннага дэкларавання стане Еўрапейская сістэма рэгістрацыі і ідэнтыфікацыі гаспадарачых суб'ектаў, якая ўступіла ў сілу з 1 ліпеня бягучага года ў ЕС, лічыць начальнік мытні. У адпаведнасці з ёй ні адзін груз не зможа ўехаць на тэрыторыю Еўрасаюза без наяўнасці ў еўрамытні папярэдняй інфармацыі аб ім. Менавіта электроннае дэклараванне дапаможа вырашыць задачу папярэдняга інфармавання, растлумачыў ён. У адпаведнасці з распараджэннем урада да верасня 2009 года электронным дэклараваннем павінна быць ахоплена 50% экспарту, да 1 студзеня 2010 года ўсё экспартнае перамяшчэнне тавару павінна афармляцца ў электронным выглядзе.-0-