Больш за 50% інавацыйнай прадукцыі прампрадпрыемстваў Віцебскай вобласці экспартуецца

Больш за 50% інавацыйнай прадукцыі прадпрыемстваў Віцебскай вобласці экспартуецца. Пра гэта паведаміў сёння першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч на пленарным пасяджэнні форуму па інавацыйным прадпрымальніцтве "Ад малога да вялікага" у Оршы.

Па словах Алега Мацкевіча, удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці складае каля 30%. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Беларусі. Пры гэтым інавацыйная прадукцыя прадпрыемстваў рэгіёну карыстаецца попытам і за мяжой: на экспарт пастаўляецца 54% яе агульнага аб'ёму.

Да моцных бакоў інавацыйнага патэнцыялу Віцебскай вобласці першы намеснік старшыні аблвыканкама аднёс высокі адукацыйны ўзровень работнікаў, уцягнутых у інавацыйную дзейнасць, значныя аб'ёмы экспартаванай інавацыйнай прадукцыі, а таксама наяўнасць дастатковай колькасці ВНУ і арганізацый, занятых навуковымі даследаваннямі.

"Разам з тым адной з найважнейшых задач застаецца пашырэнне ўзаемадзеяння навукоўцаў з прамысловасцю з мэтай вылучэння перспектыўных праектаў, нацэленых на асваенне тэхналогій шостага тэхналагічнага ўкладу. У роўнай ступені інавацыя патрабуе і прадпрымальніцкай актыўнасці", - падкрэсліў ён. Алег Мацкевіч выказаў упэўненасць, што цяперашні форум стане для большасці ўдзельнікаў добрай пляцоўкай для прэзентацыі ідэй, дазволіць прыцягнуць увагу патэнцыйных партнёраў да сумеснай дзейнасці.

БЕЛТА.