Больш за 50% апытаных жыхароў Віцебскай вобласці задаволены працай службы «адно акно».

25 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 50% апытаных жыхароў Віцебскай вобласці задаволены працай службы аднаго акна. Такія даныя сацапытання "Меркаванне жыхароў Віцебскай вобласці аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна", праведзенага ў канцы 2009 года, прывёў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама кіраўнік справамі аблвыканкама Аляксей Мацюшко, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Рашэннем сваіх пытанняў пры звароце ў гар- і райвыканкамы задаволены 75,9% рэспандэнтаў. Аднак 39,7% апытаных не змаглі адказаць аб якасці працы службы аднаго акна. Як адзначыў Аляксей Мацюшко, ва ўсіх гарадскіх і раённых адміністрацыях зацверджаны рэгламенты працы гэтай службы, арганізаваны прыём грамадзян без абедзеннага перапынку, дзяжурства спецыялістаў у выхадныя дні. У выканкамах выкананы папярэднія работы па ўкараненні электроннага абмену інфармацыяй паміж структурнымі падраздзяленнямі і іншымі арганізацыямі для аператыўнага вырашэння пытанняў. У хуткім часе ва ўсіх службах аднаго акна з'явіцца спецыяльны праграмны комплекс, рэкамендаваны Мінюстам. Як следства, у вобласці павялічылася колькасць заяў грамадзян па адміністрацыйных працэдурах, разгледжаных з запытам звестак і дакументаў з іншых інстанцый. У 2009 годзе ў гар-, райвыканкамы, мясцовыя адміністрацыі паступіла больш за 90 тыс. заяў, з якіх выканана з запытам амаль 54 тыс., або 57%. Для параўнання: у першым паўгоддзі па запыце выконвалася менш за 10% заяў. Разам з тым у 10 гар-, райвыканкамах служба аднаго акна не з'яўляецца самастойным падраздзяленнем, складаецца з аднаго або некалькіх работнікаў, якія ўваходзяць у склад розных структурных падраздзяленняў, напрыклад, з ідэолагаў, спецыялістаў аддзелаў па справах моладзі, адукацыі. Кадравы склад службы не адпавядае прад'яўленым патрабаванням. Рашэннем аблвыканкама ўсе выяўленыя недахопы ў працы службы аднаго акна павінны быць вырашаны ў раённых і гарадскіх адміністрацыях у тэрмін да 1 красавіка бягучага года.-0-