Больш за 50 школ Віцебскай вобласці маюць патрэбу ва ўстаноўцы агароджаў
Больш за 50 школ Віцебскай вобласці маюць патрэбу ва ўстаноўцы агароджаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок.
Паводле яго слоў, у сувязі з трагічным выпадкам гібелі школьніка ў Мінску ў Віцебскай вобласці быў праведзены маніторынг усіх 535 школ рэгіёна. "Мы праверылі наяўнасць на прышкольных тэрыторыях агароджаў, турнікетаў, шлагбаўмаў і іншых загараджальных прылад, штучных няроўнасцей на пад'ездах да іх, а таксама паглядзелі астатнія пытанні, звязаныя з забеспячэннем дарожнай бяспекі. Па выніках праверкі выяўлена, што ва ўстаноўцы агароджаў маюць патрэбу 53 школы, у тым ліку дзесяць - у Віцебску, чатыры - у Наваполацку, адна - у Полацку, тры - у Оршы. Астатнія размешчаны ў сельскай мясцовасці", - распавёў Іван Шчурок. Аб'ём неабходных на гэтыя мэты сродкаў пакуль не пралічваўся, але гэтае пытанне будзе вырашацца, дадаў ён.
У мэтах забеспячэння дарожнай бяспекі, павышэння ўзроўню інфармаванасці дзяцей і падлеткаў абласным упраўленнем адукацыі наладжана цеснае ўзаемадзеянне з упраўленнем ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Першыя веды па гэтай тэме дзеці атрымліваюць яшчэ ў старэйшых групах дашкольных устаноў, больш шырока і поўна яна вывучаецца ў школе на курсе "Асновы бяспечнай жыццядзейнасці". "Правілам паводзін на дарозе, пажарнай бяспекі, бяспекі на вадзе педагогі надаюць павышаную ўвагу ў гутарках як з вучнямі, так і з іх бацькамі. Пытанне ў тым, што бацькі, якія ў дзяцей з'яўляюцца галоўным прыкладам для пераймання, самі не заўсёды выконваюць устаноўленыя правілы", - заключыў Іван Шчурок.
Вольга Багачова - БЕЛТА