Больш за 50 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці займаюцца аматарскай творчасцю
2 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 50 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці з'яўляюцца ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі.
Да аматарскай творчасці прыцягнута 4% насельніцтва рэгіёна. Як адзначыў Мікалай Пашынскі, аб прафесіяналізме самадзейных артыстаў сведчыць той факт, што пяць калектываў носяць званне "заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь", 482 з'яўляюцца "народнымі" або "узорнымі". Толькі за апошнія тры гады чатыры калектывы сталі "заслужанымі", а 89 - "народнымі".
Асаблівая ўвага ў вобласці надаецца сельскім установам культуры. У аграгарадках і буйных вёсках працуюць 30 новых комплексных тыпаў устаноў культуры. Як вынік - 80 сельскіх калектываў удастоены звання "народны" або "узорны".
На думку суразмоўцы, актыўнай творчай ініцыятыве спрыяюць шматлікія фестывалі і конкурсы. Практычна ў кожным раёне вобласці ёсць свае фестывалі. Для жыхароў Віцебшчыны штогод праводзіцца каля 100 тыс. масавых мерапрыемстваў - ад міжнародных фестываляў да святаў вёсак і прафесій. Сярод іх 20 культурных акцый з'яўляюцца міжнароднымі або рэспубліканскімі. Разам са знакамітым "Славянскім базарам у Віцебску", шырокую папулярнасць набылі фестываль сучаснай харэаграфіі, музычны фестываль імя І. Салерцінскага, пастаўскі "Звiняць цымбалы i гармонiк". Адным са старэйшых фестываляў, які перасягнуў 40-годдзе, з'яўляюцца "Браслаўскiя зарнiцы". Такая мноства культурных мерапрыемстваў дазволіла наладзіць пастаяннае культурнае супрацоўніцтва з Расіяй, Украінай, Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Польшчай, Славакіяй, Малдовай, расказаў Мікалай Пашынскі. -0-