Больш за 500 замежных студэнтаў з 27 краін атрымліваюць адукацыю ў Віцебскім медуніверсітэце
27 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 500 замежных студэнтаў з 27 краін праходзяць навучанне ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам рэктар ВДМУ Валерый Дейкало, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння Віцебскі медуніверсітэт - канкурэнтаздольны ВНУ не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце. Падрыхтоўку замежных грамадзян ВНУ вядзе з 1982 года, за гэты час у Віцебску атрымалі веды і прафесійную падрыхтоўку прадстаўнікі больш як 60 краін, выпускнікі ВДМУ працуюць у 110 краінах на ўсіх кантынентах. Нярэдка маладыя людзі з іншых краін прыязджаюць на вучобу ў Віцебск па рэкамендацыі сваіх сваякоў ці нават бацькоў, якія ў свой час вучыліся ў медуніверсітэце, адзначыў Валерый Дейкало.
Універсітэт актыўна займаецца экспартам адукацыйных паслуг і ўкараняе сучасныя інавацыйныя тэхналогіі. Валоданне рускай мовай з'яўляецца неабходнай, але неабавязковай умовай навучання ў Віцебскім медуніверсітэце. ВНУ з 2002 года вядзе падрыхтоўку замежных студэнтаў па форме English medium з выкарыстаннем англійскай мовы ў якасці мовы-пасрэдніка. У 2008 годзе адбыўся першы выпуск замежных спецыялістаў, якія цалкам прайшлі навучанне па гэтай форме. Для замежных студэнтаў 1-га і 2-га курсаў выкладанне вядзецца на англійскай мове, ва ўніверсітэце створана для гэтага неабходнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, выкладчыкі свабодна валодаюць англійскай. Руская мова ўводзіцца з трэцяга курса, бо студэнты прыступаюць да працы непасрэдна з пацыентамі ў лячэбных установах. Укараненне формы English medium дазволіла медуніверсітэту павысіць якасць адукацыйных паслуг для замежных грамадзян і, як следства, падняць аўтарытэт і канкурэнтаздольнасць універсітэта ў міжнародным адукацыйным асяроддзі.
Віцебскі медуніверсітэт пастаянна павялічвае набор студэнтаў. Так, у 2011 годзе плануецца набраць на базавы лячэбны факультэт больш за 600 студэнтаў, што ў два разы перавышае набор 2006 года. За пяцігодку супрацоўнікі ВДМУ абаранілі 14 доктарскіх і больш за 60 кандыдацкіх дысертацый.
За 2006-2010 гады ВНУ значна абнавіў матэрыяльна-тэхнічную базу. Найбольш значнай падзеяй для ВНУ стала ўвод у эксплуатацыю ў 2010 годзе будынка марфалагічнага корпуса, а ў 2011 годзе плануецца адкрыццё медыцынскай бібліятэкі. Акрамя таго, у планах універсітэта будаўніцтва двух інтэрнатаў для студэнтаў, а таксама спорткомплекса з басейнам.
Па выніках працы калектыву ўніверсітэта ў 2010 годзе ганаровага звання "Чалавек года ВДМУ" удастоены загадчык кафедры прапеўтыкі ўнутраных хвароб прафесар Генадзь Юпатаў. Кафедрай года прызнана кафедра клінічнай мікрабіялогіі. Пераможцам у намінацыі "Вучоны года ВДМУ" стаў дэкан лячэбнага факультэта прафесар Валерый Сямёнаў, а ганаровым званнем "Малады вучоны года ВДМУ" адзначана прафесар кафедры шпітальнай тэрапіі Алена Кундер. Лепшым вынаходнікам і рацыяналізатарам ВДМУ па выніках 2010 года прызнаны загадчык кафедры факультэтскай тэрапіі прафесар Уладзімір Казлоўскі. Памятным медалём "За заслугі ў развіцці ВДМУ" ўзнагароджаны дацэнт кафедры факультэтскай хірургіі Эдуард Зельдзін за плённую навукова-педагагічную дзейнасць і поспехі ў падрыхтоўцы спецыялістаў. Яшчэ амаль 20 супрацоўнікаў універсітэта заахвочаны ганаровымі граматамі ВДМУ і памятнымі падарункамі.-0-