Больш за 500 шматдзетных маці, якія працуюць у сферы аховы здароўя вобласці, ушанавалі ў Віцебску

Более 500 многодетных матерей, работающих в сфере здравоохранения области, чествовали в Витебске
Чаргу ўрачыстасцей, якія стартавалі на Віцебшчыне да Дня маці, пачалі медыкі. Абкам прафсаюза работнікаў аховы здароўя сумесна з упраўленнем аховы здароўя аблвыканкама і абласной арганізацыяй Беларускага саюза жанчын у мінулыя выхадныя арганізавалі ўшанаванне выдатных прадстаўніц галіны, якія пры сваёй нялёгкай і высакароднай працы, адказнасці за жыцці іншых людзей яшчэ выхоўваюць траіх і больш дзяцей.

Усяго на ўрачыстым мерапрыемстве ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа сабралася больш за 500 шматдзетных маці з ліку медыкаў, многія з іх атрымалі граматы і падзякі за прафесійныя дасягненні і не менш важную справу – мацярынства.

Юрый Дзеркач уручае Ганаровую грамату аблвыканкама урачу-педыятру і маме пяцярых дзяцей Марыне Крэміс

У прыватнасці, Ганаровай граматай аблвыканкама за добрасумленную працу, поспехі ў працы, уклад у развіццё аховы здароўя ўдастоена ўчастковая урач-педыятр дзіцячай паліклінікі абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра Марына Крэміс. Яна клапоціцца пра здароўе больш за тысячу маленькіх пацыентаў на сваім участку. І як для доктара для яе няма большай радасці, чым напісаць «выздараўленне» і закрыць бальнічны ліст. А вось здароўе ў сям'і, лічыць яна ўжо як мама пяцярых дзяцей-пагодкаў, шмат у чым залежыць ад атмасферы ў доме, ад сумеснай дзейнасці – тады будзе камфортна і дарослым, і малышам.

Сям'я Алесі Зуевай імкліва прырасла, калі пабудавалі вялікі дом, хоць самі муж і жонка ніколі і не думалі, што стануць шматдзетнымі бацькамі. Новы статус атрымалі з з'яўленнем падвойнят, так у іх доме стала чацвёра дзяцей. Залог поспеху ў сямейных справах і на працы ў Зуевых у тым, што муж і жонка адной прафесіі: жонка – педыятр, дацэнт кафедры педыятрыі ВДМУ, муж – дзіцячы хірург. Дарэчы, у іх склалася цэлая працоўная дынастыя: у Алесі родная цётка – урач, муж наогул нашчадкавы медык. Магчыма, іх справу працягнуць і дзеці: старэйшы сын, хоць яму яшчэ 10 гадоў, ужо заяўляе, што хоча быць як тата, а сярэдняя дачка гуляе з дзіцячым фонендаскопам і тэрмометрам.

– Часам мне хочацца, каб муж больш вольнага часу ўдзяляў сям’і, але сама як доктар у многіх момантах яго разумею. Усё ж немалаважна, калі людзі адной прафесіі, гэта вельмі палягчае сямейнае жыццё і ўзаемаразуменне, – лічыць Алеся.

Дацэнт кафедры педыятрыі БДМУ Алеся Зуева шматдзетнай мамай стала з’яўленнем двайнят

Для кожнай сям’і, дзе ёсць дзеці, важная не толькі падтрымка адзін аднаго, родных і блізкіх, але і з боку дзяржавы, ведамства, прафсаюза.

Як адзначыў старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Мужычэнка, у галіне аказваецца сістэмная паслядоўная праца па сацыяльнай абароне сем’яў з дзецьмі. Напрыклад, 3 341 дзіця атрымала матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку да школы на агульную суму 120 тыс. рублёў. Палову сродкаў выдзелілі першасныя прафсаюзныя арганізацыі, другую частку – наймальнікі за кошт пазабюджэтных рэсурсаў у адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі. Падстаўляюць плячо прафсаюзы і маладым сем’ям, за паўгода ім аказана падтрымка на суму парадку 70 тыс. рублёў.

А вось гэткі маштабны свята да Дня маці ў галіне праводзіцца першы раз.

– Думаю, што зробім гэта традыцыяй, таму што падтрымка сямейных каштоўнасцей, ахова мацярынства і дзяцінства – напрамкі, якія ляжаць у аснове дзейнасці сістэмы аховы здароўя, і мы, безумоўна, павінны ўкараняць, развіваць і ўсяляк шукаць новыя формы арганізацыі дадзенай працы, – рэзюмаваў Уладзіслаў Анатольевіч.

Павіншаваў калег з надыходзячым Днём маці начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. Ён падзякаваў жанчын за тое, што яны працуюць у сваіх рэгіёнах, тым самым ствараюць аснову аховы здароўя, якая забяспечвае аказанне дапамогі ўсім жыхарам, а таксама за матчына цяпло і дабрыню, якія яны прыўносяць у прафесію медыкаў.

ДАРЭЧЫ: У сістэме аховы здароўя вобласці працуе 608 шматдзетных мам, з іх 17 узнагароджаны ордэнам Маці. Ёсць у шэрагах медыкаў нават жанчыны, якія выхоўваюць 7 дзяцей.

"Віцебскія весці".