Больш за 500 навабранцаў 103-й паветрана-дэсантнай брыгады прынялі прысягу ў Віцебску
Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што прысяга – гэта вельмі важная падзея ў жыцці маладога чалавека, яго бацькоў, родных і блізкіх.
– У свеце сёння не спакойна. Безумоўна, ад гэтых хлопцаў, якія толькі прыйшлі служыць, залежыць у тым ліку і бяспека нашай Радзімы. Упэўнены, што з гэтых хлопцаў вырастуць сапраўдныя салдаты, якія ў выпадку неабходнасці будуць абараняць Айчыну. Пажадаю навабранцам і іх родным мірнага неба над галавой, здароўя, удачы, – сказаў Уладзімір Церанцьеў.
Побач з радам стаялі бацькі, блізкія і сябры. Усяго каля 1500 чалавек. Для кожнага з іх гэты дзень запомніцца назаўжды. Сярод тых, хто не мог стрымаць эмоцыі – Галіна Мятла, якая прыйшла падтрымаць сына Вячаслава.
– Слава скончыў энергетычны факультэт БДТУ, – распавяла ў гутарцы з журналістамі Галіна Мятла. – Сын – мая правая рука, апора і падтрымка. Ён заўсёды сам прымае рашэнні. Што я зараз адчуваю? Гордасць ад таго, што Слава служыць у ВДВ. У сям'і ў нас па матчынай лініі адны дзяўчынкі, а наш тата служыў у Мінску ў МУС.
Вячаслаў Мятла прызнаўся, што з дзяцінства хацеў служыць у арміі, каб стаць яшчэ мужнай і самастойнай.
– Я ўжо чатыры гады жыў адзін у Мінску, пакуль вучыўся ва ўніверсітэце, – прызнаўся навабранец. – А тут і шаўроны з радасцю прышываў – выдатна атрымалася, дапамагаў у гэтым таварышам. Служба мне падабаецца. Перакананы, што кожны мужчына, які паважае сябе, павінен аддаць доўг Айчыне і быць заўсёды гатовым абараняць сваю Радзіму.
Намеснік камандзіра брыгады Вадзім Бабілевіч падкрэсліў, што вайскоўцы, якія папаўняюць армейскія шэрагі, з кожным годам усё больш падрыхтаваныя. Па яго словах, гэта датычыцца і фізічнай падрыхтоўкі, і маральнага стану.
– Сёння Ваенную прысягу прымае новае папаўненне нашай брыгады. За месяц, які навабранцы правялі ў частцы, яны навучыліся ўкладваць парашуты, страляць з аўтамата, прайшлі курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі і сёння гатовыя стаць паўнапраўнымі абаронцамі нашай Радзімы, – адзначыў Вадзім Бабілевіч.
Камандзір брыгады гвардыі палкоўнік Уладзімір Сафонаў, звяртаючыся да салдат, сказаў, што маладыя людзі бяруць на сябе адказнасць перад народам і Айчынай годна і мужна выконваць свой воінскі абавязак, абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад краіны.
Пасля цырымоніі навабранцаў чакала дзённае звальненне і доўгачаканая сустрэча з роднымі.