Больш за 500 рамеснікаў і мастакоў парадуюць сваімі працамі гасцей «Славянскага базару».

8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 500 народных майстроў і мастакоў пацешаць сваімі працамі гасцей юбілейнага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама.

У культурна-гістарычным комплексе "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна" па вуліцы Чайкоўскага жыхароў і гасцей фестывальнага горада чакаюць майстры народных рамёстваў. У гэтым годзе іх сабралася больш за 400 чалавек з усёй Беларусі, прыехалі таксама прадстаўнікі Расіі, Украіны, краін Балтыі. Гандлёвыя рады пацешаць вока разнастайнасцю рукадзелля, ювелірных упрыгожанняў, вырабаў з бісеру, саломы, лазы, гліны і масай іншых рэчаў, якія ўпрыгожаць дом і павысяць настрой.

Урачыстае адкрыццё Горада майстроў адбудзецца 9 ліпеня. У гэты ж дзень тут стартуе конкурс майстроў лозапляцення "Лазовы прут". Удзельнікам творчага спаборніцтва стане 31 майстар, палову з якіх прадставяць рамеснікі Дамоў культуры Віцебскай вобласці. На працягу двух дзён яны будуць дэманстраваць свае хатнія калекцыі, выконваць практычнае заданне. Пераможцаў члены журы назавуць 10 ліпеня ў сямі намінацыях: традыцыйны выраб, аўтарскае развіццё традыцыі ў лозапляценні, выкарыстанне лазы ў спалучэнні з іншымі матэрыяламі, пляценне лазовай мэблі, творчы дэбют, утылітарна-бытавы выраб, дэкаратыўны выраб.

Паспаборнічаюць у сваім майстэрстве і керамісты. Ужо сёння на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу ў спецыяльна падрыхтаваную печ яны закладуць свае сырыя вырабы і разгорнуць пленэр з гатовага посуду.

Больш за 120 мастакоў розных напрамкаў разгарнулі свае творы на вуліцы Суворава. Аматары жывапісу могуць тут не толькі набыць спадабаўшуюся працу, але і зрабіць свой партрэт на памяць або сяброўскі шарж у падарунак. Выставачны зал пад адкрытым небам спрыяе імправізацыі і пакіне ў сваіх наведвальнікаў толькі прыемныя ўражанні.-0-