Больш за 500 студэнтаў з Беларусі і Расіі збяруцца на фестывалі творчасці моладзі ў Віцебску
29 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 500 студэнтаў ВНУ Беларусі і Расіі збяруцца ў Віцебску 13 мая на адкрыцці абласнога фестывалю творчасці моладзі "Студэнцкая вясна-2009", прысвечанага Году роднай зямлі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка.
Творчыя спаборніцтвы сёлета ўпершыню пройдуць па трох фестывальных намінацыях. Разам з упадабаным конкурсам канцэртных праграм і адкрытым турнірам КВЗ арганізатары вырашылі ўключыць у праграму яшчэ і конкурс танцавальна-забаўляльных праграм. На працягу трох фестывальных дзён журы трэба будзе вызначыць лепшыя творчыя калектывы ВНУ, а таксама пераможцаў і прызёраў па 7 індывідуальных намінацыях: інструментальнае, вакальна-харэаграфічнае, харэаграфічнае, тэатральнае мастацтва, рэжысура і акцёрскае майстэрства. Самыя вясёлыя і знаходлівыя каманды фестывалю будуць адзначаны званнямі "Акадэмікі", "Магістры", "Бакалаўры" і прызам глядацкіх сімпатый - "Першакурснікі "Студэнцкай вясны". Акрамя таго, аргкамітэт заснаваў спецыяльны прыз за асабісты ўклад у эстэтычнае выхаванне студэнцкай моладзі.
У конкурсе канцэртных праграм пад назвай "Адзін дзень на Зямлі" студэнцкім калектывам трэба будзе раскрыць тэму Года роднай зямлі з дапамогай розных творчых жанраў. Арганізатары абмежавалі толькі працягласць выступленняў да 40 хвілін. А камандам КВЗ будзе прапанавана пазмагацца ў весялосці і знаходлівасці па такіх заданнях, як размінка "А вось і мы!", фрыстайл "Усе колеры вясёлкі", хатняе заданне "Хутка лета!" і "біятлон" (конкурс жартаў).
У "Студэнцкай вясне-2009" возьмуць удзел студэнцкія дэлегацыі са Смаленскай, Пскоўскай абласцей і Санкт-Пецярбурга.
Мэтай фестывалю з'яўляецца развіццё самадзейнай студэнцкай творчасці, удасканаленне арганізацыі вольнага часу моладзі, духоўна-маральнае і патрыятычнае выхаванне маладых людзей, а таксама сяброўскіх сувязяў і супрацоўніцтва паміж студэнтамі Беларусі і Расіі.
Арганізатарамі "Студэнцкай вясны" выступаюць Віцебскі аблвыканкам і абласны камітэт БРСМ.-0-