Больш за 500 танцораў возьмуць удзел у абласным аглядзе-конкурсе "Прыдзвінскія кружава"
22 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 500 артыстаў прымуць удзел у IV абласным аглядзе-конкурсе народнага танца "Прыдзвінскія ўзоры", які пройдзе 23 мая ў Гарадку (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Агляд-конкурс "Прыдзвінскія ўзоры" прысвечаны 90-годдзю заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Сярыкава. Сярод удзельнікаў мерапрыемства будзе і 9-гадовы ўнук праслаўленага балетмайстра - таксама Іван Сярыкаў.
На творчы конкурс прадставяць сваю працу 19 узорных і народных харэаграфічных калектываў, у тым ліку 15 дзіцячых і 4 дарослыя. Агляд будзе праходзіць па трох намінацыях: лепшае выкананне аўтарскіх танцаў Івана Сярыкава; лепшая новая праца харэографа; лепшы фальклорны танец, створаны на мясцовых традыцыях. Канцэртная праграма ўключае каля 50 нумароў. Пераможцы і прызёры будуць адзначаны званнямі лаўрэатаў і дыпламантаў агляду-конкурсу, пры гэтым усе ўдзельнікі будуць заахвочаны памятнымі ўзнагародамі.
Асноўнай мэтай агляду-конкурсу з'яўляецца развіццё і папулярызацыя беларускага народнага танца. Традыцыйнае творчае спаборніцтва праводзіцца адзін раз у два гады і карыстаецца нязменнай папулярнасцю ў танцавальных калектываў, якія імкнуцца трапіць у конкурсную праграму мерапрыемства. Гэта з'яўляецца безумоўным сведчаннем таго, што творчая спадчына Івана Сярыкава працягвае жыццё ў рэпертуары шматлікіх танцавальных калектываў Прыдзвінскага краю, падкрэслілі ў метадычным цэнтры.
Акрамя канцэртнай праграмы ўдзельнікі агляду-конкурсу правядуць у Гарадку акцыю "Мы нашчадкі твае, Перамога!", прысвечаную 65-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Арганізатарамі агляду-конкурсу выступаюць Віцебскі аблвыканкам і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.-0-