Больш за 5,3 тыс. ветэранаў Віцебскай вобласці атрымліваюць шэфскую дапамогу ад актывістаў БРСМ

17 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 5,3 тыс. ветэранаў Віцебскай вобласці атрымліваюць шэфскую дапамогу ад актывістаў БРСМ, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі 1-га сакратара Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Людміла Капранава. Паводле яе слоў, рабяты пастаянна аказваюць дапамогу пажылым людзям у нарыхтоўцы паліва, дапамагаюць выканаць гаспадарчыя работы па доме і на агародзе, прыбраць ураджай, а таксама адгукаюцца на любыя іншыя просьбы, якія ім пад сілу выканаць. Акрамя таго, пры абласным камітэце створана гарачая лінія, патэлефанаваўшы на якую, удзельнікі вайны і адзінокія пажылыя людзі заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу. Толькі сёлета на яе патэлефанавалі 202 ветэраны. "Пры гэтым дапамога ім патрэбна была не толькі па гаспадарцы. Многія проста запрашалі моладзь пагутарыць", - адзначыла суразмоўніца. Для арганізацыі больш эфектыўнай работы ў навучальных установах вобласці створаны атрады "Міласэрнасць", для якіх ужо традыцыйнымі сталі акцыі "Ветэран жыве побач", "Забота", "Чуткое сэрца", "Бюро добрых паслуг". Дзейнічаюць валанцёрскія атрады. А ў Аршанскім раёне за ваенным шпіталем "Юрцава" замацаваны першасныя арганізацыі БРСМ. Шырокая работа праводзіцца па патрыятычным выхаванні моладзі. Так, сёлета праведзены абласная "Вахта памяці", шматлікія "Зорныя паходы" па мясцінах баявой славы і аперацыі "Баграціён", ваенна-спартыўная гульня "Зарніца". У чэрвені-ліпені адбылася супольная беларуска-расійская акцыя "Эстафета памяці", 150 удзельнікаў якой прайшлі па маршруце Віцебск-Орша-Мінск-Віцебск. Паводле даных на 1 ліпеня, у Віцебскай вобласці пражывалі больш за 7 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.-0-