Больш за 550 дзяцей у Віцебскай вобласці ў 2009 годзе былі прызнаны тымі, хто мае патрэбу ў абароне дзяржавы
28 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці ў 2009 годзе дзецьмі, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, былі прызнаны 553 дзіцяці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па справах непаўналетніх і моладзі Ірына Януковіч.
Паводле яе слоў, у апошнія гады стала прасочвацца станоўчая тэндэнцыя зніжэння колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў абароне дзяржавы. Разам з тым сітуацыя застаецца праблемнай. Так, па стане на 1 студзеня 2010 года ў вобласці пражываюць 4,6 тыс. дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што на 130 чалавек менш, чым на аналагічную дату 2009 года. У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца 3,1 тыс. дзяцей з 1848 сем'яў. На пачатак мінулага года іх было 3,2 тыс. з 1897 сем'яў.
На пастаянным кантролі ў мясцовых органаў улады і зацікаўленых ведамстваў знаходзіцца пытанне пакрыцця выдаткаў на ўтрыманне дзяцей з абавязаных асоб. Усяго на тэрыторыі рэгіёна ў цяперашні час пражываюць звыш 4 тыс. такіх нядбайных бацькоў. Па-за межамі вобласці - 705 абавязаных асоб, з якіх 16 пакрываюць выдаткі ў поўным аб'ёме, 421 - часткова, 268 не пакрываюць выдаткі. За мінулы год з нядбайных бацькоў устрымана 48% сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей. Пры гэтым іх агульная запазычанасць складае Br24 млрд.
Аналіз сітуацыі, якая склалася ў вобласці, сведчыць аб недапрацоўках у вырашэнні пытанняў абароны правоў непаўналетніх і прафілактыкі сямейнага неблагопалучча, адзначыла Ірына Януковіч. У прыватнасці, для ўсіх рэгіёнаў характэрная недастаткова ўзгодненая і скаардынаваная дзейнасць мясцовых органаў кіравання і самакіравання. Супрацоўнікамі зацікаўленых ведамстваў не праводзіцца вывучэнне і шырокае распаўсюджванне паспяховага вопыту работы ў гарадах і раёнах, новых падыходаў, карысных ініцыятыў і пачынанняў. Нарэканні выклікае дзейнасць сельскіх, пасялковых выканаўчых камітэтаў, якія не надаюць у сваёй рабоце належнай увагі дэкрэту №18 і павышэнню адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей у неблагопалучных сем'ях.
Акрамя таго, праверкі паказалі, што рэальны і эфектыўны ўдзел прафсаюзаў, раённых і гарадскіх арганізацый БРСМ у цэласнай сістэме работы па выкананні патрабаванняў дэкрэта, а таксама ў прафілактычнай рабоце практычна адсутнічае. Прафсаюзныя камітэты не прымаюць дзейсных мер па павышэнні зацікаўленасці ў гэтай рабоце працоўных калектываў і грамадскіх фарміраванняў. Мясцовыя органы ўлады і кіравання не ініцыююць больш актыўнае выкарыстанне магчымасцей прафсаюзаў. У арганізацыі прафілактычнай работы пакуль не склаўся эфектыўны механізм узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі, у тым ліку паміж тэрытарыяльнымі органамі і арганізацыямі БРСМ, канстатавала Ірына Януковіч.-0-