Больш за 56 тыс. школьнікаў Віцебскай вобласці плануецца аздаравіць летам у лагерах

27 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 56 тыс. школьнікаў Віцебскай вобласці плануецца аздаравіць у лагерах сёлета. Аб гэтым паведаміла сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама начальнік прадстаўніцтва "Віцебскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва" Алена Андрэйкава, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У летні перыяд у рэгіёне трэба будзе арганізаваць працу 36 стацыянарных загарадных аздараўленчых лагераў і 620 лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх адпачнуць 25 тыс. і 31 тыс. дзяцей адпаведна. На падрыхтоўку аб'ектаў да прыёму вучняў і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе накіравана каля Br4,6 млрд. з усіх крыніц фінансавання. Пры гэтым асноўную частку сродкаў (Br3,5 млрд.) выдзеляць уласнікі лагераў. Разам з тым з кожным годам колькасць летніх лагераў у вобласці скарачаецца, адзначыла Алена Андрэйкава. Так, з 2004 года ў рэгіёне зачыніліся 10 лагераў. З-за фінансавых складанасцей з боку некаторых уласнікаў маюць месца недафінансаванне падрыхтоўкі аб'ектаў да летняй аздараўленчай кампаніі, а таксама спробы закрыць аздараўленчыя лагеры. "Падобныя факты проста недапушчальныя. Кіраўнікі прадпрыемстваў, у якіх знаходзяцца дадзеныя аб'екты, нясуць асабістую адказнасць за іх падрыхтоўку", - падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. Губернатар таксама акцэнтаваў увагу на неабходнасці завяршыць асноўныя рамонтныя работы ў лагерах да 15 мая, правесці навучанне і атэстацыю выхавальнікаў і педагогаў, якія будуць працаваць з дзецьмі. Важным аспектам, на думку Аляксандра Косінца, з'яўляюцца зарплата педагагічнага складу, кухараў, кошт пуцёвак. "Іх трэба перагледзець з тым, каб матэрыяльна стымуляваць кадры лепш працаваць з дзецьмі, а цэны зрабіць максімальна даступнымі для бацькоў", - адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама.-0-