Больш за 580 школьнікаў Віцебскай вобласці адпраўляюцца сёння ў Брэст на "Поездзе Памяці".
Больш за 580 школьнікаў Віцебскай вобласці 24-26 красавіка стануць удзельнікамі маладзёжнага марафону "Поезд Памяці", прысвечанага 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".
Старт марафону будзе дадзены сёння вечарам – віцебская моладзь адправіцца на цягніку ў Брэст. На тэрыторыі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць - герой" удзельнікі акцыі прымуць удзел у мітынгу-рэквіеме, пабываюць на экскурсіях, наведаюць адкрыты ў 2014 годзе "Музей вайны - тэрыторыя міру". "У ходзе марафону школьнікі прымуць удзел у тэматычнай творчай конкурснай праграме, экскурсіях і мітынгах. Удзельнікі мерапрыемства атрымаюць магчымасць убачыць і пазнаць гістарычную спадчыну Беларусі, сустрэцца з ветэранамі, прадстаўнікамі патрыятычных клубаў", - адзначылі арганізатары.
Мэтай памятнай акцыі з'яўляецца папулярызацыя гісторыі і славутасцяў Беларусі, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, уцягванне моладзі ў сацыяльна-значную грамадскую дзейнасць.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць: абласны камітэт ГА "БРСМ", аддзел адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама, турыстычная фірма "ІЛВА".
У лютым 2015 года па ініцыятыве Віцебскай абласной арганізацыі ГА "БРСМ" упершыню адбыўся маладзёжны марафон "Поезд Перамогі" для працуючай моладзі.
Алена Ціханава