Больш за 6 тыс. балконаў і лоджый у Віцебскай вобласці падлягаюць рамонту

29 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 6 тыс. балконаў і лоджый у Віцебскай вобласці маюць патрэбу ў рамонце, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама. Пазачарговая рэвізія была праведзена па даручэнні Мінжылкамгаса і паказала, што 5,2 тыс. балконаў і 1,1 тыс. лоджый у шматкватэрных дамах па ўсёй вобласці пашкоджаны. Пры гэтым толькі ў абласным цэнтры рамонту падлягаюць 3,1 тыс. знешніх канструкцый. Сёлета будзе ажыццёўлены рамонт 2,8 тыс. балконаў і лоджый, каля 1 тыс. з іх – у абласным цэнтры. Пры такіх тэмпах на прывядзенне іх у парадак ва ўсіх райцэнтрах і гарадах вобласці спатрэбіцца каля трох гадоў. Рамонт аднаго балкона ў сярэднім абыходзіцца ў Br20 млн і ажыццяўляецца з адлічэнняў на капітальны рамонт. Як адзначылі спецыялісты, за тэхнічны стан балконаў адказваюць домакіраванні. Два разы на год яны ў абавязковым парадку праводзяць візуальнае абследаванне з вуліцы. Падставай для прыняцця рашэння аб рамонце з'яўляецца разбурэнне пласта тынкоўкі, агаленне арматуры. У выпадку калі пліта падставы адхілена або парушаны парэнчы агароджы, гэта з'яўляецца падставай для прызнання балкона аварыйным і спынення доступу на яго, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў.-0-