Больш за 60 млн руб. выдзеліў Полацкі райвыканкам на заахвочванне таленавітых школьнікаў і іх педагогаў

Более 60 млн руб. выделил Полоцкий райисполком на поощрение талантливых школьников и их педагогов

Маляўнічая цырымонія ўшанавання пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах адбылася ў СШ №18 у прысутнасці бацькоў вучняў і ганаровых гасцей.

Ад імя ўладаў віноўнікаў урачыстасці прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Пётр Петкевіч, які ўручыў пасведчанні аб узнагароджанні прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных вучняў.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Драздоўская пажадала дзецям заваявання новых інтэлектуальных вышынь і адзначыла, што сёлета прадстаўнікі Полаччыны заваявалі па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды 47 дыпломаў – на 4 больш, чым летась. Абсалютным пераможцам алімпіяды па фізіцы стала каманда Полацкага раёна, дзе ўзнагарод удастоены ўсе восем удзельнікаў.

Сярод лідараў спаборніцтваў па гуманітарных прадметах больш дзяўчат, а прыродазнаўча-навуковыя дысцыпліны лепш даюцца юнакам. Усім ім былі адрасаваны цёплыя словы віншаванняў і музычныя падарункі.

На Полаччыне існуе традыцыя ўручаць грашовыя прэміі пераможцам (ад 4 да 6 базавых велічынь) і пераходныя кубкі школам, дзе найбольш развіты алімпіядны рух. У якасці ганаровага прыза выкарыстоўваюцца спецыяльна вырабленыя статуэткі грэчаскай багіні перамогі Нікі. Сярод школ сельскай мясцовасці ўзнагароду, якая сімвалізуе пастаянны рух наперад, атрымала Ветрынская СШ, у райцэнтры лідарам прызнана СШ №16, а ў катэгорыі ўстаноў адукацыі новага тыпу – Полацкая дзяржаўная гімназія №2, у скарбонцы якой 56 узнагарод раённага, 19 абласнога і 5 рэспубліканскага этапу.

Кіраўнікам устаноў адукацыі былі ўручаны падзячныя лісты за стварэнне аптымальных умоў для падрыхтоўкі вучняў. У чым яны заключаюцца?

На думку дырэктара гімназіі №2 Валянціны Калядзько, галоўныя складнікі плённасці адукацыйнага працэсу – праца і талент, якія аб’ядноўваюць дзяцей і педагогаў. Для настаўніка абавязковыя высокае прафесійнае і метадычнае майстэрства, уменне супрацоўнічаць з дзецьмі. Для дзіцяці вельмі важная нацэленасць на вынік, якая дазваляе яму стаць паспяховым і ў далейшым жыцці. Акрамя таго, па словах Валянціны Пятроўны, пазітыўнае выхаваўча-адукацыйнае асяроддзе гімназіі спрыяе фарміраванню ў дзяцей маральнага стрыжня, ​​закаляе іх характар, рыхтуе да будучых выпрабаванняў, дапамагаючы стаць сапраўднымі людзьмі.

А як вызначаюць формулу поспеху самі юныя інтэлектуалы?

– Праца, стараннасць, самаразвіццё, разуменне сваіх недахопаў і ўменне своечасова звярнуцца па дапамогу, каб іх выправіць, – лічыць адзін з «зорных» вучняў гімназіі №2 Андрэй Луфераў. Дыплом рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы дае яму права паступлення без экзаменаў у адну з профільных ВНУ.

Яго таварышы па камандзе Сяргей Бухалавіч (гімназія №2) і Віталь Вістуноў (СШ №16) вучацца ў дзевятым класе і пакуль не вызначыліся з выбарам прафесіі, але дакладна ведаюць, што яна будзе звязана з любімым прадметам. Бо фізіка – аснова жыцця, а захапленне сваёй справай зараджае энергіяй і прыносіць задавальненне. Хлопцы перакананыя, што поспех трэба будаваць на падмурку ведаў. Менавіта высокі ўзровень падрыхтоўкі дае чалавеку ўпэўненасць у сваіх сілах і дапамагае ажыццявіць задуманае.

Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"