Больш за 600 студэнтаў і аспірантаў з пяці краін прымуць удзел у канферэнцыі "Машэраўскія чытанні" у Віцебску

25 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 600 студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных прымуць удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "IV Машэраўскія чытанні" 28 і 29 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава (УА "ВДУ"), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня Савета студэнцкага навуковага таварыства ўніверсітэта Вераніка Карацерзі. Сёлета традыцыйная навуковая канферэнцыя ўпершыню будзе мець міжнародны статус. У віцебскай ВНУ збяруцца прадстаўнікі каля 55 ВНУ і навуковых устаноў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі. Асноўнымі задачамі канферэнцыі з'яўляюцца папулярызацыя навуковай дзейнасці, аказанне дапамогі маладым людзям у рэалізацыі свайго патэнцыялу ў навуковай сферы, падтрымка іх на шляху да поспеху ў даследчай рабоце. З улікам пашырэння геаграфіі прадстаўніцтва ўдзельнікаў правядзенне канферэнцыі будзе спрыяць развіццю міжнароднага супрацоўніцтва маладых вучоных. Фармат мерапрыемства дазволіць маладым даследчыкам абмяняцца вопытам, ідэямі і напрацоўкамі, абмеркаваць праблемныя пытанні і, магчыма, абазначыць перспектыўныя напрамкі кааперацыі па розных тэмах навуковых пошукаў. Падчас навуковага форуму будуць працаваць 10 секцый па рознай тэматыцы навуковых інтарэсаў і прыярытэтным напрамках навуковых даследаванняў. Так, удзельнікі абмяркуюць развіццё тэорыі матэматычнага мадэлявання і магчымасці яе прымянення ў адукацыі і вытворчых працэсах, падзеляцца думкамі па фундаментальных асновах стварэння нанаматэрыялаў. Увазе маладых вучоных будуць прапанаваны пытанні рацыянальнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу беларускага Паазер'я і аховы навакольнага асяроддзя, праблемы фарміравання прававой культуры моладзі, а таксама распрацоўкі навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў сацыяльнай сферы ў ВНУ. Цікавыя дыскусіі чакаюцца падчас работы секцый па праектаванні і мадэляванні прадметна-прасторавага асяроддзя сродкамі дызайну і дэкаратыўнага мастацтва, па праблемах духоўнай культуры грамадства. Арганізатары спадзяюцца, што заяўленыя на канферэнцыю работы стануць асновай для перспектыўных інавацыйных праектаў, якія знойдуць практычнае прымяненне. Да пачатку работы канферэнцыі будзе выдадзены двухтомны зборнік навуковых работ удзельнікаў. Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі "IV Машэраўскія чытанні" выступаюць Міністэрства адукацыі Беларусі і ўстанова адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М.Машэрава".-0-