Больш за 612,5 тыс. выбаршчыкаў прынялі ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў з пачатку датэрміновага галасавання

22 красавіка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. За два дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў у Беларусі прынялі ўдзел 612 522 выбаршчыкі, або 8,7% ад агульнай колькасці грамадзян, якія маюць права голасу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Магчымасцю прагаласаваць датэрмінова ўжо скарысталіся 7,2% выбаршчыкаў у Брэсцкай вобласці, 9,6% - у Віцебскай, 10,9% - у Гомельскай, 7,1% - у Гродзенскай, 8,8% - у Мінскай, 10,2% - у Магілёўскай абласцях і 7,5% - у горадзе Мінску. Мікалай Лазавік адзначыў, што пакуль датэрміновае галасаванне праходзіць больш актыўна, чым падчас папярэдніх выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў. Тады за два дні датэрміновага галасавання ў выбарах прынялі ўдзел 6,9% выбаршчыкаў. "Як ні парадаксальна, гэта можа быць звязана са скасаваннем парога абавязковай яўкі на гэтых выбарах. Сёння, калі гэтага бар'ера няма, у грамадзян з'явілася большая свабода на ўдзел або няўдзел у выбарах, тым не менш яны дэманструюць сваю свядомасць, грамадзянскую адказнасць", - сказаў прадстаўнік ЦВК. Гаворачы ў цэлым аб ходзе выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, Мікалай Лазавік адзначыў, што "ўсё спакойна, ніякіх эксцэсаў няма". Больш таго, яго "нават радуюць тыя заўвагі наконт арганізацыі выбараў, якія адзначае апазіцыя". Сярод парушэнняў яны называюць, напрыклад, недахоп месца на стэндах у Бабруйску для размяшчэння інфармацыйных улётак. "З аднаго боку, гэта арганізацыйны мінус, але ў цэлым - пазітыўна, што барацьба за прызнанне выбаршчыкаў ідзе так актыўна", - рэзюмаваў сакратар ЦВК. Датэрміновае галасаванне па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў працягнецца ў Беларусі да 24 красавіка ўключна, выбарчыя ўчасткі адкрыты з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Асноўны дзень галасавання - 25 красавіка.-0-