Больш за 650 мільярдаў будзе накіравана на Інвестыцыйную праграму Віцебскай вобласці ў 2013 годзе

Аналізу выканання Інвестыцыйнай праграмы ў 2012 годзе і задачах на 2013-ы было прысвечана пасяджэнне прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Усяго на ўвасабленне ў жыццё мерапрыемстваў праграмы ў бягучым годзе было прадугледжана 358,2 мільярда рублёў. Асноўная доля інвестыцый укладзена ў сферу ЖКГ і жыллёвае будаўніцтва – парадку 49 працэнтаў, на другім месцы – установы аховы здароўя. Узведзены многія сацыяльна-значныя аб'екты, у тым ліку жылыя дамы для дзяцей-сірот у Браслаўскім і Ушацкім раёнах, праведзена рэканструкцыя гасцінічнага комплексу «Славянскі», Дамок Пятра I у Полацку, да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю стадыён у Глыбокім і будынак з рамонтам спартыўнага ядра па вуліцы Журжэўская ў Віцебску.


– Значэнне Інвестыцыйнай праграмы вялікае, дзякуючы ёй узводзім і рэканструюем. Менавіта ў адпаведнасці з праграмай былі выдзелены сродкі на завяршэнне такіх доўгачаканых аб'ектаў, як бальніца ў Шаркаўшчыне, аўтастанцыя ў Браславе, дзіцячы парк у Оршы і многіх іншых. Дарэчы, ніколі яшчэ не накіроўваліся такія сумы на рамонт і ўзвядзенне ўстаноў аховы здароўя, як у гэтым годзе, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў.


Як паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Уладзімір Белавус, на рэалізацыю мерапрыемстваў Інвестыцыйнай праграмы ў 2013 годзе плануецца вылучыць 652,6 мільярда рублёў. Асобна распрацавана праграма для гарадоў і раёнаў па ўкладанні інвестыцый у сацыяльныя аб'екты, на гэтыя мэты прадугледжаны дадатковыя сродкі. Па-ранейшаму ва ўвазе застануцца жыллёвае будаўніцтва, інжынерная і транспартная інфраструктура ў новых мікрараёнах, комплексная праграма развіцця Полацка, установы аховы здароўя, адукацыі, фізкультуры і спорту. Асноўныя аб'екты, на якія будуць накіраваны інвестыцыі, – спальны корпус Лужаснянскай гімназіі, два жылыя дамы для дзяцей-сірот ва Уле Бешанковіцкага раёна і Талачыне, дзіцячы сад і палац гульнявых відаў спорту ў Полацку, Лядовы палац у Оршы, цэнтральная раённая бальніца ў Міёрах, манеж Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, паліклініка ў мікрараёне Юг-7, тэрапеўтычны корпус дзіцячай абласной бальніцы, лячэбны корпус №1 абласной інфекцыйнай бальніцы, корпус №2 абласнога анкалагічнага дыспансера ў Віцебску, базавая школа ў Літосава Сенненскага раёна, водна-аздараўленчы цэнтр у Докшыцах, культурна-аздараўленчы комплекс ва Ушачах.


Вольга МАСЛОЎСКАЯ "ВР"