Больш за 70 чыноўнікаў Віцебскай вобласці пакараны ў 2010 годзе за парушэнні зямельнага заканадаўства
2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 70 чыноўнікаў Віцебскай вобласці пакараны ў 2010 годзе за парушэнні зямельнага заканадаўства. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства Валянціна Хадосевіч па выніках маніторынгу праведзеных праверак.
Усяго ў мінулым годзе пры ажыццяўленні нагляду за выкананнем зямельнага заканадаўства органы абласной пракуратуры правялі 71 праверку. Па выніках праверак унесена 43 прадстаўленні, вынесена 11 прадпісанняў, прынесена 44 пратэсты, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 58 службовых асоб, да адміністрацыйнай - 11, да матэрыяльнай - 5 на агульную суму Br1,7 млн., прад'яўлена 10 іскавых заяў аб прызнанні несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на зямельныя ўчасткі.
Адным з найбольш сур'ёзных парушэнняў зямельнага заканадаўства, выяўленых пракурорамі, з'яўляецца неабгрунтаваная выдача зямельных участкаў для абслугоўвання і будаўніцтва жылых дамоў. Такія факты маюць месца ў Полацкім, Гарадоцкім, Браслаўскім і іншых раёнах. Пры гэтым у Полацкім раёне па сямі пратэстах пракурораў, прынесеных па факце неабгрунтаванага прадастаўлення грамадзянам участкаў у зоне ахоўнага ландшафту Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, усе незаконныя рашэнні былі адменены.
Дастаткова часта ў рэгіёне сустракаюцца парушэнні пры прадастаўленні зямельных участкаў для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва і сенакосу. Яны дапушчаны сельскімі выканкамамі Верхнядзвінскага, Аршанскага, Бешанковіцкага, Мёрскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Пры гэтым у некаторых выпадках адзначаюцца факты неадпаведнасці заяў грамадзян аб прадастаўленні ім зямельных участкаў устаноўленай форме. Часта ў такіх заявах адсутнічаюць даныя, якія змяшчаюць ідэнтыфікацыйныя звесткі аб заяўніках, плошчы ўсіх зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, і іншыя звесткі. Такія недахопы ўстаноўлены ў Верхнядзвінскім, Мёрскім, Гарадоцкім, Лёзненскім, Лепельскім, Бешанковіцкім, Ушацкім і Талачынскім раёнах.
Валянціна Хадосевіч таксама адзначыла парушэнні, дапушчаныя пры прадастаўленні зямельных участкаў юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам у частцы невыканання тэрмінаў рэгістрацыі правоў на зямельныя ўчасткі і непрыняцця мер па прызнанні рашэнняў аб прадастаўленні зямельных участкаў страціўшымі сілу. Напрыклад, у Браслаўскім раёне 11 суб'ектамі гаспадарання на момант праверкі не былі прыняты меры па рэгістрацыі правоў на зямельныя ўчасткі, прадастаўленыя ў 2008-2010 гадах. Не ўсімі райвыканкамамі пры прадастаўленні зямельных участкаў у арэнду выконваюцца ўстаноўленыя патрабаванні аб накіраванні ў 10-дзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння адпаведнай інфармацыі ў падатковыя органы.
"Усе пералічаныя вышэй факты сведчаць аб нездавальняючай арганізацыі работы землеўпарадкавальных службаў гар-, райвыканкамаў, на якія ўскладзены абавязак па падрыхтоўцы матэрыялаў па вызваленні і прадастаўленні зямельных участкаў, ажыццяўленні дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем земляў і іншых дзеянняў", - канстатавала Валянціна Хадосевіч.
Па выніках праверак падрыхтавана прадстаўленне ў Віцебскі аблвыканкам.-0-