Больш за 70 трэнераў і атлетаў Віцебскага спортклуба ФПБ адзначаны ўзнагародамі НАК і органаў дзяржкіравання

28 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Заслугі і дасягненні больш як 70 трэнераў і спартсменаў Віцебскага абласнога спартыўнага клуба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адзначаны Нацыянальным алімпійскім камітэтам, Міністэрствам спорту і турызму, Цэнтральным саветам ФПБ і абласной прафсаюзнай арганізацыяй сёння ў абласным цэнтры на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 75-годдзю Беларускай прафсаюзнай спартыўнай арганізацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Медалём НАК Беларусі "За выдатныя заслугі" ўзнагароджана заслужаны трэнер БССР Людміла Гусева. Яе выхаванка Таццяна Белашэнка (Івінская) заваявала найвышэйшую ўзнагароду ў складзе зборнай СССР па баскетболе на Алімпійскіх гульнях у Маскве ў 1980 годзе. Сярод узнагароджаных Ганаровай граматай НАК заслужаны трэнеры СССР Уладзімір Ізапольскі і Барыс Хачатуран, бронзавы прызёр Алімпіяды ў Афінах (2004 год) па цяжкай атлетыцы Таццяна Стукалава. Група трэнераў, дзеючых спартсменаў і ветэранаў прафсаюзнага спорту заахвочаны Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызму, Цэнтральнага савета ФПБ і абласной прафсаюзнай арганізацыі. Усяго абласны прафсаюзны спортклуб падрыхтаваў 16 прызёраў Алімпійскіх гульняў, у тым ліку трох алімпійскіх чэмпіёнаў Рамуальда Кліма (кіданне молата), Таццяну Белашэнка (Івінскую) і Вячаслава Яноўскага (бокс), а таксама больш за 10 чэмпіёнаў свету па розных відах спорту. Выхаванец прафсаюзнага спортклуба Сяргей Ляховіч стаў абсалютным чэмпіёнам свету па боксе сярод баксёраў-прафесіяналаў. Абласны спартыўны клуб ФПБ аб'ядноўвае 15 спартыўных школ, у якіх займаюцца каля 6 тыс. дзяцей і падлеткаў, або амаль 24% ад агульнай колькасці навучэнцаў спортшкол вобласці. Прафсаюзы культывуюць 29 відаў спорту, у тым ліку 19 летніх і 5 гульнявых.-0-