Больш за 70 тыс. дзяцей Віцебска і раёна будзе абслугоўваць адкрытая пасля рэканструкцыі паліклініка

23 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за 70 тыс. дзяцей Віцебска і Віцебскага раёна змогуць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў рэканструяванай цэнтральнай дзіцячай паліклініцы і яе філіялах. Урачыстае адкрыццё аб'екта адбылося сёння, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Дзеці - гэта стратэгічны рэсурс дзяржавы. Ахова мацярынства і дзяцінства з'яўляецца найважнейшым прыярытэтам дзяржавы", - падкрэсліў на цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. У цяперашні час у вобласці рэалізуецца інвестыцыйная праграма "Здароўе", якая прадугледжвае рэканструкцыю, мадэрнізацыю і новае будаўніцтва лячэбных устаноў, умацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Праведзеная за два гады рэканструкцыя цэнтральнай дзіцячай паліклінікі дазволіла павялічыць яе магутнасць на 120 наведванняў у змену, якая цяпер складзе 600 наведванняў у змену. Якасную сучасную амбулаторна-паліклінічную дапамогу атрымаюць 74 тыс. дзяцей Віцебска і Віцебскага раёна. Для гэтага набыта і ўстаноўлена сучаснае абсталяванне для ультрагукавой і эндаскапічнай дыягностыкі, клініка-дыягнастычнай лабараторыі, аддзялення медыцынскай рэабілітацыі, цэнтралізаванага стэрылізацыйнага аддзялення, набыты працоўныя месцы лор-урача. Значна палепшаны ўмовы працы медыцынскіх работнікаў. Дадаткова на базе паліклінікі будуць разгорнуты: аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі; гарадскі цэнтр альтэрнатыўнай вакцынапрафілактыкі; аддзяленне рэнтгеналагічнай, эндаскапічнай, ультрагукавой дыягностыкі; цэнтр рэпрадуктыўнага здароўя моладзі; аддзяленне ранняга ўмяшання. Паліклініка стане абласным інфармацыйна-метадычным цэнтрам па арганізацыі амбулаторна-паліклінічнай дапамогі дзіцячаму насельніцтву. Тут будзе створаны медыцынскі рэгістр дзяцей рэгіёна. Каштарысны кошт работ па рэканструкцыі паліклінікі склаў Br42,5 млрд. У бягучым годзе на рэканструкцыю і мадэрнізацыю 80 аб'ектаў аховы здароўя вобласці і горада Віцебска накіраваны Br300 млрд. За чатыры месяцы асвоена больш Br72 млрд. З апераджаннем графікаў вядуцца работы на рэканструкцыі і мадэрнізацыі Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, мадэрнізацыі абласной інфекцыйнай бальніцы, рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, рэканструкцыі будынка гінекалагічнага аддзялення абласнога радзільнага дома пад размяшчэнне ў ім жаночай паліклінікі, будаўніцтва паліклінік у мікрараёнах ЮГ-7 і ў "Білева", цэнтральнай раённай бальніцы ў Шаркаўшчыне, рэканструкцыя і будаўніцтва аб'ектаў аховы здароўя ў Оршы, Наваполацку.-0-