Больш за 70% жыхароў Віцебскай вобласці поўнасцю вакцынаваныя ад COVID-19

Поўны курс вакцынацыі ад каронавіруса прайшлі больш за 70% жыхароў Віцебскай вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Сінкевіч.

"У большасці раёнаў вобласці дасягнуты высокі ўзровень ахопу вакцынацыяй двума дозамі. Па стане на 23 мая два кампаненты атрымалі 70,2% жыхароў рэгіёна. Першым кампанентам ад COVID-19 вакцынаваны 71% насельніцтва Віцебскай вобласці, або больш за 770 тыс. чалавек", - сказаў Уладзімір Сінкевіч.

У рэгіёне актыўна працягваецца вакцынацыя ад COVID-19. Прафілактычныя прышчэпкі атрымліваюць работнікі сфер аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, ЖКГ, транспарту, розных прадпрыемстваў, а таксама непрацуючае насельніцтва старэйшых узроставых груп. Самым эфектыўным метадам прафілактыкі каронавіруснай інфекцыі - вакцынай - скарысталіся ўжо больш за 15 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. У гэтай узроставай катэгорыі прышчэплена каля 24%.

Работнікі аховы здароўя заклікаюць грамадзян не забываць аб выкананні рэспіраторнага этыкету, пры пагаршэнні самаадчування выкарыстоўваць ахоўныя маскі і звяртацца па прафесійную дапамогу. "Медыцынскія работнікі працягваюць праводзіць тлумачальную працу, нагадваюць аб выкананні элементарных правілаў гігіены рук, правілаў паводзін у грамадскіх месцах для зніжэння рызыкі інфікавання. Таксама напярэдадні летняга аздараўленчага сезона кажуць аб важнасці вакцынацыі як для дзяцей, так і для дарослых", - падкрэсліў Уладзімір Сінкевіч, дадаўшы, што ў Віцебскай вобласці поўным ходам ідзе рэвакцынацыя. Бустарную дозу пацыенты атрымліваюць праз паўгода пасля праходжання поўнага курса вакцынацыі ад COVID-19.